Аварыя цягніка Масква—Берасце: сярод пацярпелых – беларусы



Згодна з удакладненымі звесткамі, тром грамадзянам Беларусі спатрэбілася дапамога медыкаў пасля сутыкнення электрычкі з цягніком № 3 „Масква — Берасце”.

Як паведамілі БелаПАН на гарачай лініі Беларускай чыгункі, пасля аварыі былі шпіталізаваныя 30-гадовая Таццяна Вайцюль, 26-гадовая Дзіяна Парэнская і 20-гадовы Раман Валазнёў.

Паводле інфармацыі пасольства Беларусі ў Расеі, да гэтага часу ў лячэбных установах Масквы застаюцца двое грамадзян Беларусі, якія пацярпелі падчас сутыкнення электрычкі з цягніком , паведаміла МЗС Беларусі на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Цягнік прыбыў у Менск са спазненнем на 5 гадзін 40 хвілін. Прыбыццё на канцавую станцыю Берасце таксама чакаецца са спазненнем.

* * * 

Следчы камітэт адхіліў версію аб сутыкненні цягніка з электрычкай у Маскве з-за пешахода.

Прычынай сутыкнення электрычкі з пасажырскім цягніком  хутчэй за ўсё стала адмова тармазной сістэмы электрацягніка, з-за чаго лакаматыўнай брыгадзе прыйшлося ўжыць экстранае тармажэнне. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні СКР, якое паступіла у рэдакцыю «Лента.ру» у нядзелю, 9 красавіка.

«Па выніках першапачатковых следчых дзеянняў, у тым ліку пасля допытаў машыністаў, версія аб тым, што экстранае тармажэнне лакаматыўнай брыгадай электрацягніка ўжыта ў мэтах прадухілення наезду на пешахода, не пацвярджаецца і было абумоўлена адмовай яго тармазной сістэмы», – пазначана ў прэс-рэлізе ведамства. Для праверкі гэтай версіі канфіскавалі дакументы аб тэхнічным абслугоўванні састава.

Таксама следства разглядае і іншыя версіі аварыі.

Паралельна праверку праводзіць Маскоўская міжрэгіянальная транспартная пракуратура.

* * * 

Пяцёра пацярпелых пасля сутыкнення цягнікоў у Маскве застаюцца ў шпіталях, сем чалавек выпісана пасля аказання дапамогі, паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў медыцынскіх колах. «На дадзены момант у бальніцах Масквы застаецца пяць чалавек. Сямёра пацярпелых выпісана», – сказаў суразмоўца агенцтва.

* * * 

У выніку сутыкнення цягніка “Масква — Берасце” з электрычкай пацярпелі шасцёра беларускіх грамадзян. Пра гэта паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі. Паводле дадзеных ведамства, у маскоўскія лякарні шпіталізавалі дваіх жанчынаў і аднаго мужчыну. У іх дыягнаставаныя пераломы рэбраў і удары. Яшчэ трое пацярпелых атрымалі меддапамогу на месцы, але адмовіліся ад шпіталізацыі. Яны вяртаюцца ў Беларусь. Пазней МЗС удакладніў, што ў лякарнях Масквы застаюцца двое беларусаў.

* * * 

Сутыкненне электрычкі і цягніка Масква — Берасце: дзясяткі пацярпелых, сярод іх ёсьць беларусы. Як паведамлялася, электрычка і цягнік «Масква — Берасце» сутыкнуліся на захадзе Масквы недалёка ад Беларускага вакзала.

Сутыкненне цягніка  і электрычкі адбылося ў 22.16 па менскім часе, паведаміла прэс-служба БЧ. У гэты час у цягніку знаходзіліся 450 пасажыраў і цягніковая брыгада. У электрацягніку – машыніст, яго памочнік і 2 кантралёры.

Машыніст прыгараднага цягніка Масква – Усава рэзка затармазіў, каб пазбегнуць наезду на чалавека, у выніку была парушаная штатная праца тармазной сістэмы. Следам ішоў пасажырскі цягнік Масква – Берасце. Машыніст таксама экстрана затармазіў, але адлегласць было недастатковай і сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. У выніку з рэек сышлі чатыры вагоны электрычкі і секцыя лакаматыва пасажырскага цягніка, прыпынена рух па двух пуцях.

Пашкоджаны высакавольтныя лініі электраперадачы. 

Паводле інфармацыі Беларускай чыгункі, адразу пасля аварыі былі шпіталізаваныя 8 чалавек. Паводле паведамленьня МЗС Беларусі, сярод пацярпелых — два грамадзяніны Беларусі. Адзін з іх — музыка Раман Волазьнеў. Усяго да медыкаў зьвярнуліся каля паўсотні чалавек, у асноўным — з ударамі і парэзамі шклом.

Фота Reuters і ТАСС