«Азірніся ў мінулае»



«Азірніся ў мінулае» — сямейны баль пад такой назвай прайшоў у Глыбоцкім гарадскім доме культуры. Яго зладзіла парафія Святой Тройцы ў Глыбокім разам з фондам «Адкрытыя сэрцы» і сем’ямі Віцебскай дыяцэзіі.

На імпрэзу таксама былі запрошаныя госці з Менску, якія належаць да сходу нашчадкаў шляхты і дваранства.

Паводле намесніка дырэктара фонду «Адкрытыя сэрцы» Івана Пузанава, яны ўжо даўно цесна і прадуктыўна супрацоўнічаюць з глыбоцкай парафіяй.

— Вось гэтая супраца з глыбоцкай парафіяй, у прынцыпе і нарадзіла саму ідэю гэтага балю. Мы тут бываем, мы тут выступаем, прыязджаем з выставамі, да сямей, праводзім акцыі. Дзякуем айцу Мікалаю Ціхановічу за тое, што ўсё гэта тут арганізавалася, гэта пераважна ягоная заслуга, бо гэта ён прапанаваў і падзяліўся сваімі добрымі сувязямі тут. Гэта стала асновай. Такога месца як тут, у Глыбокім, мы не бачылі яшчэ нідзе. Вельмі добрае, светлае месца, а галоўнае, тут вельмі добрыя, гасцінныя людзі.

Падчас сямейнага балю ўдзельнікі танцавалі паланэз, вальс, польку ды іншыя танцы. А таксама спявалі песні, гулялі ў гульні. Прадстаўнікі сходу нашчадкаў шляхты і дваранства ўручылі падарункі біскупу Віцебскай дыяцэзіі Алегу Буткевічу і астатнім прысутным.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя