Баранавіцкага прадпрымальніка пакаралі за абарону сваіх правоў



Прадпрымальнік Мікола Чарнавус пакараны судом горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна штрафам у памеры 4,5 мільёна рублёў. Хоць пасля разгляду справы не было сумневу ў яго невінаватасці – заява прадпрымальнікаў пра самаарганізацыю, сведчанні дырэктара рынка пра гэта. А пратакол у міліцыі, дзе было напісана, што Мікола Чарнавус – арганізатар, ён падпісваў пад ціскам. У яго здарыўся гіпертанічны крыз, а хуткую не выклікалі. Але малады суддзя Яўген Брэган нічога гэтага пад увагу не прыняў.

Кажа Мікола Чарнавус:

Была заяўка, што трэба пакараць. І нават калі б я тры абароны наняў, нічога гэта не дало б. Калі не пакараць, тады ўвогуле Беларусь разбэсцілася б. А так будуць ведаць. Няхай заплоціць у казну 4,5 мільёна – будзе ведаць наступным разам: ісці яму на плошчу ці не.

Прысутных на судзе вельмі абурыла такое рашэнне. Кажа старшыня гарадской арганізацыі Руху “За свабоду” Віктар Сырыца:

Проста жахлівае рашэнне суда. Як так можна!? Даваць такі вялікі штраф за тое, чаго не было. І сведкі, і сам Мікола Чарнавус – усе казалі, што прадпрымальнікі самаарганізаваліся 1 ліпеня, што Чарнавус не арганізатар, а такі ж як 100, 200 ці 300 чалавек, якія бралі ўдзел у гэтым мерапрыемстве прадпрымальнікаў, якія хацелі дабіцца праўды.

Мікола Чарнавус будзе абскарджваць рашэнне суда.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы