Баранавіцкага актывіста ўсё ж аштрафавалі (абноўлена)



Грамадскі актывіст Рыгор Грык з Баранавіч аштрафаваны судом Баранавіцкага раёна паўторна на 50 базавых велічынь, то бок на 10 мільёнаў 50 тысяч недэнамінаваных рублёў.

img_4508

Суддзя Аксана Літвінчык не падвяла сваю калегу і цёзку Аксану Копач, якая на першым судовым працэсе пакарала Грыка завочна штрафам у 50 базавых велічынь.

Калі 29 снежня  суддзя Літвінчык не вынесла рашэння па прычыне адсутнасці галоўнага сведкі Міколы Чарнавуса, то на другім – Чарнавус не спатрэбіўся. Хаця Грык прасіў перанесці суд на пасля абеду, калі мог прыйсці Чарнавус, кажа Рыгор Грык:

– Атрымліваецца суд праігнараваў маю просьбу, я настойваў на тым, каб Чарнавус быў на пасяджэнні суда і даў паказанні. Чарнавуса не выклікалі і вынеслі вырак – 50 базавых.

Рыгор Грык напісаў скаргу на імя старшыні Баранавіцкага суда за адмову суддзі Літвінчык, каб выклікалі галоўнага сведку Міколу Чарнавуса. Пад скаргай падпісалася яго група падтрымкі. Паводле актывіста, рашэнне суда будзе абскарджана.

* * *

У судзе горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна паўторна разглядаюць адміністрацыйную справу грамадскага актывіста Рыгора Грыка.

Першае рашэнне Баранавіцкага суда было адменена ў Берасцейскім абласным судзе. Справа на пасяджэнні была даследавана поўнасцю.

Але рашэнне не было вынесена з-за адсутнасці  кандыдата ў дэпутаты Мікалая Чарнавуса, які замаўляў перадвыбарчыя пікеты, кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:

– Гэта справа цягнецца ўжо даўно, першы суд адбыўся без яго ўдзелу. Грык праводзіў пікет, ён меў права і ён праводзіў.

Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык:

– Я лічу, што ні ў чым не вінаваты, прысуд павінен быць на маю карысць.

Каардынатар Руху “За свабоду” па Баранавічах Уладзімір Гундар:

– Бачныя яўныя „белыя ніці”, але я думаю, што ўсё роўна засудзяць.  

Старшыня Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах Мікалай Падгайскі:

– Выступ ідэалагічнага работніка быў не вельмі карэктны і не вельмі праўдзівы, і тыя высновы, якія яна зрабіла, гэта яе асабістае надуманае меркаванне.

Па першаму рашэнню Баранавіцкага суда Рыгор Грык быў пакараны завочна штрафам у 50 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя