Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года



Беларусь на афіцыйным узроўні адзначае Дзень Незалежнасці і 75-ю гадавіну вызвалення ад нацысцкай навалы. Адносна ўсталявання галоўнага дня рэспублікі, то прынамсі аўтар гэтых радкоў даўно звыкся, што ў 1996 годзе мела месца палітычнае рашэнне дзейснага кіраўніцтва краіны. А вось тэзіс “3-га ліпеня Дзень вызвалення Беларусі ад гітліраўцаў і іх саюзнікаў” аніяк не ўспрымаецца.

Бо тое наўпрост супярэчыць гістарычным фактам і з тым нічога не паробіш, фальсіфікацыя ў такім маштабе не пройдзе. Нават кожны больш-менш дасведчаны шкаляр ведае, што вызваленне ад “карычневай чумы” адбылося 28 ліпеня. Толькі вось на гэтым вайна на беларускіх землях не завершылася. Баявыя дзеянні трывалі ажно да сярэдзіны 1950-х гадоў і то была барацьба антысавецкага руху з бальшавікамі.

З нагоды 3-га ліпеня, безумоўна важнага дня ў нашай гісторыі – выгнанне з Менску нацыстаў, прыгадаем супрацьстаянне на захадзе краіны ў ліпені-жніўні 1944 года. І гутарка не пра баі паміж гітлераўцамі і чырвонаармейцамі, а пра антысавецкую партызанку. З набліжэннем на Палессе, саветы ўсё больш сутыкаліся з актыўнай дзейнасцю, як яны пісалі “ваенізаваных груп”, “бандытаў”, “калабрацыяністаў” і г.д. У нечым мелі рацыю, даючы сваім ворагам характарыстыку, але нас цікавяць не адзнакі, а самі факты.

Невялічкая падборка матэрыялаў пра тыя падзеі, самыя заўважныя, зроблена з выкарыстаннем сборніка архіўных дакументаў “АУН-УПА у Беларусі. 1939-1953 гг.” ды ўспамінаў сведкаў. Калі ў Менску, як і цэнтральнай часцы БССР, бальшавікі адраджалі свае органы ўлады, то на Берасцейшчыне чакаў моцны супраціў падполля. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што ў першыя гады гэта была барацьба ні недзе ў палескіх балотах і лясах, а часам адбываліся баі за цэнтры сельскіх саветаў, на вуліцах гарадоў…

Сітуацыя ў Пінскай вобласці вымагае рашучых дзеянняў і дапамогі з Менску

У жніўні 1944 года сакратар Пінскага абласнога камітэта Кампатрыі Кляшчоў накіроўвае сакрэтную шыфратэлеграму кіраўніку ўнутраных спраў БССР Бельчанка: “У сувязі са складанымі ўмовамі ў Столінскім, Давыд-Гарадоцкім і Лагішынскім раёнах прашу Вас не пераводзіць у іншую вобласць полк унутраных войскаў НКУС, а пакінуць у Пінскай вобласці. Паведаміце Вашае рашэнне”.

Што ж прымусіла таварыша Кляшчова прасіць дапамогі з цэнтра? Мясцовыя бальшавікі не маглі даць рады, каб нармальна ўсталёўваць сваю ўладу на Палессі. Узброенае падполле забівала будзь-якога прадстаўніка саветаў, не кажучы пра вайскоўцаў.

17 жніўня 1944 года сакратар Пінскага абкама КП(б)Б Зайцаў паведамляў у Менск тагачаснаму кіраўніку савецкай Беларусі Панамарэнка: “Сёння ў Столінскім раёне ў вёсцы Калоднае і Пінскім раёне ў вёсцы Ласіцк аб’явіліся 2 групы бульбаўцаў у колькасці 50-60 чалавек.

У Столінскім раёне забіты намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, старшыня Гараднянскага сельсавета, бульбаўцы скралі з калгасу 24 коней, 8 кароў і некалькі галоў авечак. У Ласіцкай сельскай краме забралі 3 мяшкі солі.

Прынятыя неадкладныя захады для пошуку і ліквідацыі узброеных банд бульбаўцаў. Для гэтай мэты у дапамогу Столінскаму району з Пінска накіравана рота войск НКУС і 220 партызан”.

На гэтае паведамленне адрэгаваў наркам (міністр) унутраных спраў Беларускай ССР Бельчанка. Ён даў загад Пінскаму абласному ўпраўленню НКУС максімальна ўзмоцніць барацьбу з антысавецкім рухам.

Але ўжо 20 жніўня ізноў ідзе сакрэтнае паведамленне па лініі Кампартыі ў сувязі з захопам у палон старшыні Ласіцкага сельскага спажывецкага таварыства. Сакратар Пінскага райкама Карасёў даводзіў у абласны камітэт наступнае: “…Група 70-80 чалавек, якая праходзіла праз вёску Ласіцк, забрала старшыню сельспажтав Барычэўскага Сцяпана Андрэявіча, папярэдне параніўшы яго ў галаву”.

Смяротныя прыгоды галоўнага камсамольца раёна і намесніка райвыканкама

Напрыканцы жніўня 1944 года, па выніках раследвання надзвычай непрымальнага для бальшавікоў выпадку, пракурор Пінскай вобласці Кундовіч падрыхтаваў дакладную запіску на імя кіраўніка Кампартыі ў вобласці Кляшчова.

З яе вынікае, што 16 жніўня ў вёсцы Калоднае Столінскага раёна знаходзіўся сакратар раённага камсамола Чумакоў і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Часнакоў. Яны завяталі ў вёску па пытаннях правядзення ўборачнай кампаніі і калектывізацыі. Увечары таго ж дня ў Калоднае ўвайшла ўзброеная група каля 20 чалавек. Таварышы схваліся ў сялян, дзе праседзелі да раніцы 17-га жніўня. Калі здалася, што пагроза мінавала, яны выйшлі. Праз пэўны момант іх заўважылі ўзброеныя людзі і запатрабавалі дакументы. Разумеючы небяспеку, Чумакоў і Часнакоў кінуліся на ўцёкі. Апошняга схапілі і звезлі ў напрамку вёсак Фядоры-Нячатава-Жоўкіна. Дальнейшы лёс намесніка старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта невядомы.

Насельніцтва ўзбуджанае! Адмаўляюцца працаваць у калгасах і дапамагаць

Сакратар Лагішынскага раённага камітэта КП(б)Б Пінскай вобласці Міхалковіч падрыхтаваў 31 жніўня 1944 інфармацыйнае паведамленне ў Менск аб палітычным настроі мясцовых жыхароў. З большага ён наўпрост пералічвае падзеі, якія ўскалыхнулі раён.

Сапраўды падаецца, што гэта была нейкая аперацыя, наўмысная хваля падрыхтаваная антысавецкім падполлем. Дзень за днём, напрацягу тыдня, адбываліся надзвычайныя здарэнні.

(…) Уноч з 25-га на 26-е жніўня група невядомых завітала да дэпутата Хварасноўскага сельскага савета. Патрабавалі выдаць зброю. Вывезлі прыблізна на 3 кіламетры ад хаты і адпусцілі, але прыгразілі смерцю за дальнейшае супрацоўніцтва з камуністамі.

26 жніўня моцна збіты дэпутат з вёскі Малая Плотніца.

27 жніўня паміж вёскамі Дабраслаўка-Лышча ўзброенай групоўкай здзейнены напад на работнікаў райвыканкама, забіты інтруктар раённага камітэта ЛКСМБ Фесюк. У гэты ж дзень невядомыя прымусілі здаць зброю інспектара НКУС па Добраслаўскаму сельскаму савету ды прыходзілі да сакратара Бобрыкаўскага сельскага савета, але той загадзя збег.

28 жніўня на дарозе абстраляны старшыня Забараўскага сельскага савета. Таго ж дня каля вёскі Церабень забіты інспектар НКУС па Бобрыкаўскаму сельскаму савету…

Свае паведамленне ў цэнтр Міхалковіч завяршаў падсумаваннем, што ўся дзейнасць узброенага антысавецкага падполля негатыўна ўплывае на выкананне дзяржаўных мерапрыемстваў у раёне, як здачы хлеба і паставак сена, замінае арганізацыі палітыка-выхавальнай працы, а таксама арганізацыі працы ў каўгасах. Насельніцтва наўпрост адмаўляецца працаваць на савецкую ўладу.

Масава збягаюць ад войска. Няхочуць набліжаць перамогу

Яшчэ адная праблема з якой сутыкнуліся саветы на Палессі – гэта мабілізацыя. Зараз звернімся да падзей, якія мелі месца ў вёсцы Дзівін, цяпер Кобрынскі раён Берасцейшчыны.

У 20-х чыслах ліпеня 1944 года прадстаўнікі ваенкамісараў, партыйныя і камсамольскія актывісты праводзілі падрыхтоўку мясцовых юнакоў для адпраўкі ў войска. Усё павінна было адбыцца 30 ліпеня, але на месца збору з 700 хлопцаў прыйшло толькі 50 чалавек. Астатнія збеглі ў лясы і многія далучыліся да падполля.

31 ліпеня знішчальны атрад НКУС зладзіў адмысловую аблаву, у ходзе якой з лясоў было выцягнута 180 чалавек і прымусова накіраваныя ў Бярозаўскі раён. Верагодна партыйцы зразумелі, што гэта ненадзейныя змагары за ўладу саветаў, таму неўзабаве перадалі ў Бярозу загад, каб мабілізаваных распусцілі.

На Піншчыне ў жніўні на зборныя пункты не з’явілася каля 700 чалавек. Многія збеглі ў момант руху цягнікоў да месца прызначэння.

У тыя месяцы бадай кожны гар-райкамітэт Кампартыі ў рэгіёнах Берасцейшчыны вызнаваў, што ўплыў антысавецкага падполля на мясцовае насельніцтва вялікі. Што ўзброеныя групы добра арганізаваныя, робяць паспяховыя кропкавыя ўдары, не саступаюць і ў прапагандзе. Асноўнымі ж варыянтамі па выпраўленню сітуацыі, сакратары мясцовых партыйных арганізацый, як адзін, пісалі ў Менск – трэба больш знішчальных атрадаў НКУС, войскаў і ўзмацняць паліт-асветніцкую працу з тутэйшымі.

Гэта была вайна, якая нашмат складаней, чым ісці фронтам на фронт. Гэта была вайна, дзе знайшліся свае героі і здраднікі, забойцы і пераможцы, тыя, хто шчыра верыў і скарыстаўся сітуацыяй. Гэта была вайна, якая не скончылася ані 3 ліпеня ані 9 траўня…

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]