Барацьба за беларускі клас у Баранавічах працягваецца



Сябры Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы дамагаюцца адкрыцця першага беларускага класа ў цэнтры горада, а не на ўскрайку, як ім прапанаваў аддзел адукацыі.

З гэтым пытаннем яны звярнуліся ў гарадскі выканаўчы камітэт. Старшыня выканкама Юрый Грамакоўскі абяцаў дапамагчы.

Загадчык аддзелу адукацыі, былы дырэктар школы, у якую не жадаюць ісці бацькі, Сяргей Пузікаў, пакрыўдзіўся на бацькоў. Пасля сустрэчы ў калідоры гарвыканкама абразіў прыйшоўшых, кажа Таццяна Малашчанка:

Далёкая адлегласць ад цэнтра людзей не прываблівае. Я назвала гэта: не заганяйце нас у рэзервацыі, бацькі назвалі гэтак жа. Але загадчык вельмі моцна пакрыўдзіўся, сказаў, што гэта асабістая крыўда, і што больш ён з намі размаўляць не будзе. Пузікаў сказаў, што сапраўдная рэзервацыя — гэта ваша Таварыства беларускай мовы.

Па словах Таццяны Малашчанкі, цяпер застаецца адна надзея на старшыню гарадскога выканаўчага камітэта Юрыя Грамакоўскага. Ён станоўча вырашыў пытанне і ў мінулыя гады з беларускім класам. Хаця таксама прыйшлося доўга ваяваць. 

Беларускае Радыё Рацыя