Барыс Гарэцкі: Ёсць надзея, што суддзя паспрабуе разабрацца ў справе Баразенкі



У судзе Першамайскага раёна Менска пачаўся працэс над відэаператарам тэлеканала Белсат Аляксандрам Баразенкам. Вёў паседжанне суддзя Дзмітрый Цыкл. Аператара Белсата з першай спробы не асудзілі. За працэсам сочыць прэсавы сакратар Беларусай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. З ім пагутарыў Улад Грынеўскі.

РР: Раскажы, калі ласка, у чым там была праблема? Чаму гэты судовы працэс у першы дзень не завершыўся прысудам?

Барыс Гарэцкі: Па-першае, як ты ўжо згадаў – прозвішча суддзі Цыкл, таму, відаць, будзе цэлы цыкл судовых паседжанняў. Будзем спадзявацца, што прысуд усё такі не будзе абвінаваўчым. Таму што сёння, у прынцыпе, суддзя прадэманстраваў жаданне разабрацца ў гэтай сітуацыі. Калі б была задача ў суда хуценька асудзіць Баразенку і канфіскаваць маёмасць, то я думаю, мы б ужо мелі прысуд. Сёння былі заслуханы сам Баразенка і ягоны адвакат Ларыса Атаманчук, а таксама дзяўчына Аляксандра, якая расказала, што ніякіх налепак на тэхніцы не было. Ну а сутнасць справы палягае ў тым, што міліцыя, складаючы пратакол, напісала, што на камеры Баразенкі былі налепкі Белсат, і маўляў, ён гэтым парушыў заканадаўства, выкарыстоўваў гэты гандлёвы знак, таму мусіць заплаціць штраф, а камера мусіць быць канфіскаваная. І ўся справа круціцца вакол гэтых налепак, якія міліцыянты, пакуль Баразенка сядзеў на Акрэсціна, самі наляпілі на камеру журналісту.

РР: Гэта хто так гаворыць? Баразенка так гаворыць? Бо ты пра гэта гаворыш, як пра нейкі дакладны факт.

Барыс Гарэцкі: Безумоўна, гэта факт, у праўдзівасць якога ніхто не суняваецца ў беларускай журналістыцы. Таму што такая ж сітуацыя адбылася і з тэхнікай, канфіскаванай на самім офісе Белсату. Многіе калегі тады, 25 сакавіка, працавалі побач з Баразенкам. Ніхто ніякіх налепак не бачыў. Бо журналісты не любяць ніякія налепкі змяшчаць на свае камеры, хаця б з пункту гледжання бяспекі. І калі ўжо камера знаходзілася на Акрэсціна, раптам гэтыя налепкі з’явіліся. Чаму я кажу, што можа быць добрае рашэнне, таму што суддзя выклікаў суд у якасці сведкаў тых панятых, якія прысутнічалі на Акрэсціна ў той час, калі Баразенка даставаў гэтыя рэчы з пакунка. Пакунак не быў апламбаваны, не завязаны. Проста рэчы захоўваліся ў міліцыянтаў. І пры гэтым прысутнічалі некалькі сведкаў.

РР: Увогуле сам працэс досыць дзіўны, бо чаму аператар Баразенка мусіць несці адказнасць за брэнд Белсату.

Барыс Гарэцкі: Баразенку абвінавачваюць толькі ў тым, што ён канкрэтна рабіў. У Беларусі ёсць судовы прэцэдэнт, калі хтосьці зарэгістраваў знак Белсату. Гэты спадар Белякоў потым звярнуўся ў суд, запатрабаваў, каб Белсату забаранілі выкарыстоўваць гэты брэнд. І вось цяпер ён звярнуўся ў міліцыю з заявай, што Баразенка парушаў аўтарскае права, выкарыстоўваючы гэты брэнд на сваёй камеры. І камеру, якая каштуе 3-4 тысячы даляраў, могуць спакойна канфіскаваць. Вось так выглядае справа і рашэнне будзе, відавочна, палітычным.

Цалкам гутарка:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя