Барыс Хамайда адмаўляецца плаціць за “суткі” ўтрымання ў ІЧУ



Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер быў пакараны арыштам на 8 сутак за нібыта несанкцыянаваны адзіночы пікет. Два месяцы таму яго затрымалі каля так званага “сіняга дому”, дзе ён распаўсюджваў беларускія выданні пад бел-чырвона-белым парасонам. Парасон у яго канфіскавалі, а цяпер з ізалятара часовага ўтрымання прышла афіцыная папера, што Барыс Хамайда вінны за 8 дзён утрымання пад арыштам 116 рублёў. Плаціць іх добраахвотна апазіцыянер не збіраецца. Па-першае, ён мае прынцыповую пазіцыю не падтрымліваць грашыма дзейны рэжым, а па-другое, лічыць, што ўмовы ўтрымання ў ІЧУ не вартыя такіх грошай:

– 116 рублёў – гэта на той мінімум, які яны павінны былі забяспечваць. Але вады няма, унітазам карыстацца немагчыма, і я ніколі б не з’еў за 8 дзён на амаль 50 даляраў! Апроч гэтага, яны ж святло на ноч уключалі, каб катаванні зрабіць палітычным зняволеным. Але электрычнасць жа так не эканоміцца! Плаціць я не збіраюся.

Барыс Хамайда

На думку Барыса Хамайды, у віцебскім ІЧУ беспадстаўна парушаюцца правілы ўнутранага распарадку. Гэта і ўключанае па начах святло, і забарона ляжаць удзень, якая тычыцца таксама выключна палітычных зняволеных. Апазіцыянеру нават не дазволілі чытаць, хаця сябры адмыслова перадалі яму кнігу. Між тым на звычайных “арыштантаў” такія абмежаванні не распаўсюджваюцца. Адмовіўшыся плаціць за ўтрыманне ў ізалятары Барыс Хамайда ўсведамляе, што грошы з яго спагоняць прымусова: у яго і цяпер вылічваюць з пенсіі 20 адсоткаў у кошт штрафу, прысуджанага ў мінулым снежні. Таму цяпер на рукі ён атрымлівае штомесяц усяго каля трохсот рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя