Барыса Хамайду адпусцілі



Віцебскага апазіцыйнага актывіста, затрыманага апоўдні, адпусцілі з Чыгуначнага РАУС. Там на яго быў складзены пратакол паводле арт. 21.14 КаАП ( парушэнне парадку ўтрымання населеных пунктаў). Хаця сам спадар Хамайда перакананы: пратакол на яго склалі за з’яўленне з плакатам у гонар Дня Волі.

На плакаце былі напісаны словы рускага пісьменніка Івана Буніна “Город Витебск – древний и нерусский». Паводле спадара Барыса Хамайды, гэта выказванне класіка рускай літаратуры сведчыць пра заўважаную ім вялікую розніцу паміж рускімі і беларусамі, якую прапагандысты аб’яднання Беларусі з Расеяй настойліва ігнаруюць.

– «Город Витебск древний и нерусский». Гэта словы Буніна, лаўрэата Нобелеўскага па літаратуры. У пачатку 20-га стагоддзя ён прыязджаў у Віцебск, і ён, канешне, пахадзіў па гэтых вуліцах, паглядзеў на архітэктуру ў Віцебску, паглядзеў на гэтых людзей.Ён зразумеў, што тут жывуць людзі, якія з расійскай гісторыяй і культурай амаль нічога не маюць агульнага. 

Сутнасць правапарушэння, сфармуляванага як “загрувашчванне вуліцы”, мае разглядаць адміністрацыйная камісія пры выканкаме Чыгуначнага раёну. Гэта ўжо другі такі пратакол, складзены на спадара Хамайду ў сёлетнім сакавіку. Дата пасяджэння камісіі пакуль не вядомая.

Барыс Хамайда быў адзіным, каго затрымалі ў Віцебску падчас адзначэння Дня Волі. 24 сакавіка мясцовыя актывісты запрасілі гараджан на ўрачыстае ўскладанне кветак  у знакавых месцах гораду – да помнікаў князю Альгерду і Уладзіміру Караткевічу, а таксама да мемарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава. Міліцыя сачыла за ўдзельнікамі ўрачыстасці, але затрыманняў не было.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск