Бастунец: Наша заканадаўства аб СМІ далёкае ад дэмакратычных стандартаў



Паводле БАЖ, сёлета журналісты больш за 130 разоў траплялі пад пераслед з боку ўладаў, але, як гаворыцца ў віншаванні Беларускай асацыяцыі журналістаў з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы, яны спадзяюцца, што ніякі пераслед не прымусіць адмовіцца ад прафесійнай журналісцкай працы.

Ці сапраўды гэты дзень – свята для журналістаў, звяртаемся да старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца.

– 3 траўня – гэта прафесійнае свята для ўсіх журналістаў. БАЖ адзначыў яго сёння ўганараваннем пераможцаў конкурсу “Вольнае слова”.

РР: Сёння з нагоды Дня свабоды прэсы выступіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч,  якая сказала, што ў Беларусі „дасканалае заканадаўства аб СМІ”. У прыватнасці яна заявіла: “Калі ёсць правы журналістаў, то журналісты таксама павінны ведаць, што ёсць правы і абавязкі іншых суб`ектаў, якія знаходзяцца на тым ці іншым мерапрыемстве. Ніколі права журналіста не можа быць мацнейшым за іншае права. Калі органы правапарадку прымалі меры па забеспячэнні спакойнай абстаноўкі на гэтых мерапрыемствах, то гэта іх права, і вы павінны выконваць патрабаванні, якія вам выстаўляюцца. У нас вельмі дасканалае заканадаўства аб СМІ, і журналістам проста трэба выконваць дзейнае заканадаўства. Ва ўсіх міністэрствах ёсць адпаведныя службы, якія працуюць з прэсай. Калі ласка, працуйце з імі”.

РР: Міністр перакананая, што журналісты на масавых акцыях мусяць выконваць патрабаванні міліцыі нават калі іх незаконна затрымліваюць і збіваюць. Вашы меркаванні на гэты конт.

Андрэй Бастунец: Па-першае, там прагучала фраза, што ў Беларусі вельмі дасканалае заканадаўства аб СМІ. Але калі мы пачытаем водгукі міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, калі паглядзім на індэксы і рэйтынгі розных міжнародных арганізацый, то мы пабачым, што Беларусь там стала займае адно з апошніх месцаў,  і гэта менавіта таму, што заканадаўства аб СМІ з’ўляецца вельмі жорсткім і не адпавядае дэмакратычным стандартам наогул. А тое што тычыцца акцый і затрыманняў журналістаў і ідэі, што яны мусяць падпарадкоўвацца супрацоўнікам міліцыі, то хачу адзначыць, што свабода выказванняў не з’яўляецца безабмежавальнай свабодай. Ёсць пэўныя абмежаванні. Але яны мусяць адпавядаць міжнародным стандартам. У нас гэтага і блізка няма. Тое, што казала спадарыня Ананіч, гэтыя словы мог бы сказаць прэс-сакратар пэўнай міліцэйскай структуры, а не кіраўнік органа, які займаецца СМІ.

РР: Ці Ананіч можа быць пасярэднікам паміж незалежнымі журналістамі і міліцыянтамі на акцыях?

Андрэй Бастунец: Зразумела што не. Міністр інфармацыі хутчэй будзе абараняць гонар міліцэйскага мундзіру, чым гонар журналісцкага, бо яна ёсць дзяржаўная служачая. І яна выступае з абмежаваных пазіцый абароны дзяржаўных інтарэсаў, такіх, якімі яны з’яўляюцца для яе кіраўнікоў. І я думаю, што трэба ў першую чаргу працаваць з кіраўнікамі міліцыі, кіраўнікамі Савета Міністраў, з Адміністрацыяй прэзідэнта ў рэшце рэшт, для таго, каб дабіцца нармальных адносінаў да журналістаў. Я, дарэчы, заўважыў, што здавалася пайшоў пэўны прагрэс, і ў мінулым годзе ў нас было каля 13 затрыманняў журналістаў падчас масавых акцый, але сёння іх лічба сягае амаль да сотні.

Таму сёння хачу пажадаць журналістам спакойнай працы, упэўненасці, і ў першую чаргу – адчування сябе свабоднымі ў тым, каб выказваць сваё меркаванне.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя