Бацькі хвалююцца за стан беларускай мовы ў школе



Міністэрства адукацыі Беларусі плануе ў перспектыве аднавіць практыку здачы адзінага нацыянальнага экзамену пры заканчэнні базавай і сярэдняй школы. Многія беларускія бацькі былі ўсхваляваны імавернасцю ўвядзення абавязковай расейскай мовы замест дзяржаўнай беларускай. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны накіравала зварот і ўжо атрымала адказ з міністэрства.

 Кажа Алена Анісім, старшыня арганізацыі:

– Мне прыйшоў ужо адказ. І ў ім сказана, што будзе прааналізаваная наша прапанова. Паднесена разам з тым, што прапанавалі ўжо бацькі, настаўнікі і так далей. То бок пытанне незакрытае, і нашы прапановы – зрабіць абавязковы экзамен па беларускай мове. Прапанавалі, што вы сабе як хочаце, а беларускую мову, калі ласка, як дзяржаўны экзамен за курс агульнай сярэдняй адукацыі пакідайце. Пакуль што яны думаюць.

Гэты перспектыўны экзамен не будзе ўжо сёлета. У экзамене за базавую школу прадугледжаны экзамен па-беларуску і па-расейску. А ў экзамене за сярэднюю школу была прапанова – экзамен па адной з дзяржаўных. Таксама мае быць уведзены экзамен па матэматыцы і замежнай мове.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя