Бацьку Мікалая Статкевіча павіншавалі з Днём настаўніка



Баранавіцкія грамадскія актывісты павіншавалі бацьку палітвязня Мікалая Статкевіча – Віктара Статкевіча, які 35 гадоў працаваў настаўнікам гісторыі, з прафесійным святам. Нягледзячы на незадавальняючы стан здароўя, бацька Мікалая Статкевіча добразычліва прыняў наведвальнікаў у сваёй кватэры, паведаміў актывіст з Баранавічаў Віктар Сырыца.

– Мы традыцыйна гэта робім на Дзень настаўніка, і на Дзень ведаў, 1 верасня, таксама яго віншуем з пачаткам кожнага навучальнага года, мы ведаем, што ён 35 гадоў адпрацаваў у школе. Ну і на Дзень настаўніка яго віншуем. Купляем газеты “Наша Ніва”, “Наша Слова” бяром, “Новы час” я дакладна ведаю ён чытае, “Народная Воля”. Вось за кубачкам гарбаты размаўляем. Ён расказвае, як працаваў у Парэччы, у Слуцкім раёне, у Баранавічах гісторыкам працаваў. Чытаем пісьмы Мікалая, якія ён даслае кожную сераду. А мы паказваем яму свае паштоўкі ад Мікалая. Вось так і праходзяць нашыя сустрэчы.

Госці пагаварылі з гаспадаром пра ліставанне з сыным, палітвязнем Мікалаем Статкевічам, пра падзеі ва Украіне, аб нядаўніх пагрозах невядомых асобаў у адрас Віктара Паўлавіча і яго сям’і.

А развіталіся, – як кажа Віктар Сырыца, – з пажаданнямі здароўя, надзеяй на Бога і добрых людзей.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org