Батумі: акцыя да Дня правоў чалавека



Паўсотні беларускіх актывістаў сабралася 11 снежня ў цэнтры Батумі, каб згадаць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Сярод прысутных былі людзі, што прайшлі праз затрыманні і арышты, і тыя, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам у Беларусі.

Распавядаюць удзельнікі акцыі:

– У нашай краіне забыліся, што такое элементарныя правы чалавека, таму мы выйшлі з тым, каб нагадаць пра гэтае фундаментальнае права.

– Правы чалавека – гэта тое, чаго рэальна не хапае. Беларусь ніколі не адрознівалася цягай да таго, каб выконваць іх, я маю на ўвазе дзяржаву. Людзі годныя таго, каб атрымліваць усё лепшае, што можа даць дзяржава.І гэта ў першую чаргу выкананне правоў чалавека.

Дзеля таго, каб мы памяталі дзеля чаго працягваецца нашая барацьба.

На акцыю таксама прыйшла жонка «вясноўца»  Валянціна Стэфановіча разам са сваімі дзецьмі, якія трымалі плакат «Вярніце тату»:

– Наш тата Валянцін Стэфановіч  – прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”. Ён якраз усё сваё прафесійнае жыццё займаўся абаронай правоў чалавека, абаронай вось такіх звычайных правоў: каб да цябе не маглі прыйсці ў кватэру, уламацца, затрымаць за бел-чырвона-белую вопратку, пабіць проста таму, што апынуўся ў пастарунку. Вось гэта вельмі важна, і таму сёння мы прыйшлі сюды. Каб адзначыць і дзень правоў чалавека, і тое, што ў беларусаў таксама ёсць правы, як ва ўсіх людзей у гэтым свеце.

Батумі стаў адным з некалькіх дзясяткаў гарадоў па ўсім свеце, дзе 10-11 снежня 2021 адбываліся акцыі, прысвечаныя Сусветнаму Дню абароны правоў чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча