Баяніст з Баранавічаў прымусіў крычаць суддзяў на Britain’s Got Talent
Чалавек-баян Віталь Варанко з Баранавічаў трапіў у кур’ёзную сітуацыю на брытанскім шоў Britain’s Got Talent, але, нягледзячы на гэта, прайшоў у паўфінал.
Віталь Варанко распавёў Intex-press, як ён ацаніў свой выступ і чаму прыехаў на шоў у касцюме супермэна.
Музыканту мелася выступаць першым у дзесятым юбілейным сезоне Britain’s Got Talent. Пасля таго, як ён выйшаў на сцэну ў касцюме супермэна, члены журы раз за разам задавалі яму пытанні, але Віталь іх не чуў. Пакінуўшы пытанні без адказаў, ён настроіўся і зайграў. Двое членаў журы, незадаволеныя такімі паводзінамі, не чакаючы канца песні, націснулі чырвоныя кнопкі, значычь аддалі свае галасы супраць Віталя. Між тым зала бурна пляскала ў далоні музыканту. У выніку чалавек-баян, наш зямляк, прайшоў у паўфінал конкурсу.
Па словах Віталя, перад выступам у яго не было саўнд-чэка, то ёсць налады інструмента і іншай апаратуры. Таму яму давялося настройвацца прама на сцэне.
– Калі я выйшаў на сцэну, чуў толькі цішыню: у мяне не было гуку. Там вельмі вялікая зала. І атрымалася так, што члены журы нешта казалі, а я нічога не чуў, – распавёў Віталь Варанко.
Паводле яго слоў, не разгубіцца яму дапамог досвед папярэдніх конкурсаў. Дарэчы, раней Віталь ўжо „парваў” залу на польскім тэлешоў „Голас”.
Баяніст мяркуе, што такая сітуацыя з гукам выйшла не выпадкова.
– Мне здаецца, што ў арганізатараў быў нейкі план. Ім удалося мяне перахітрыць і зрабіць так, каб мой выступ выглядаў жыва і натуральна, – выказаў меркаванне музыкант.
Нягледзячы на тое, што не ўсё пайшло гладка, ён задаволены сваім выступам. Галоўныя задачы выкананы: ён развесяліў людзей і прайшоў у паўфінал.
– Чалавек-баян – гэта чалавек, які ратуе людзей ад дрэннага настрою, – сказаў Віталь Варанко пра свой сцэнічны вобраз. – Я прыехаў ратаваць свет ад дрэннага настрою. На шоў атрымалася выратаваць усіх, акрамя Саймана.
Баяніст распавёў, што ён цяпер у Беларусі, прыехаў сюды на запіс тэлевізійнага шоу «Дзве зоркі». Пасля гэтага зноў паедзе ў Лондан, дзе пройдзе запіс паўфіналу.
Музыкант прызнаўся, што разлічвае на перамогу ў гэтым шоў.
– Я напісаў адзін сусветны хіт I will be happy, які хацеў бы выдаць на сусветна вядомым лэйбле. Як у паўфіналіста шоу, у мяне ўжо ёсць такая магчымасць, – распавёў Віталь Варанко.
Сачыць за выступамі музыканта можна на ютуб-канале шоў.
