БАЖ канстатуе ўзмацненне ціску на журналістаў-фрылансераў



Сёлета колькасць выплачаных штрафаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі наблізілася да 90. Найперш пераслед датычыць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з Беларускім Радыё Рацыя і тэлеканалам “Белсат”. Гэта адзначыў у эфіры нашага радыё намеснік старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Барыс Гарэцкі:

Магчыма, улады ўспрымаюць гэтыя сродкі масавай інфармацыі як пагрозу для нейкай сваёй інфармацыйнай стабільнасці, для сваіх інфармацыйных планаў, таму сёлета разгарнулася такая кампанія. Не бачна пакуль ні канца ні краю гэтай кампаніі, бо літаральна некалькі дзён таму мы дадалі ў свае падлікі новыя штрафы.

Таксама Барыс Гарэцкі пракаментаваў нядаўнія словы начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі беларускага МЗС Анатоля Глаза. Той заявіў, што ў МЗС максімальна лаяльна падыходзяць да практыкі прымянення дзеючага заканадаўства ў сферы СМІ, і што міністэрства гатова даць журналістам-фрылансерам магчымасць афармляць часовую акрэдытацыю. Кажа Барыс Гарэцкі:

Сёлета наш калега Віктар Парфёненка – журналіст, які акурат супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, – дзявяты раз падаваў дакументы на акрэдытацыю ў МЗС і дзявяты раз у сваім жыцці атрымаў адмову. Таму прыгожа гучаць словы чыноўнікаў на брыфінгах і нейкіх сустрэчах, але на практыцы нічога такога не адбываецца.

Тым не менш, лічыць наш суразмоўца, дакументы на акрэдытацыю падаваць варта, каб не даваць падставы Міністэрству замежных спраў на міжнародных пляцоўках заяўляюць пра свабоду слова і СМІ ў Беларусі.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Baj.by

[manual_related_posts]