БАЖ заклікала спыніць крымінальную справу ў дачыненні да тэлеканала „Белсат”



Грамадскае аб’яднанне „Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікала ўлады спыніць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў тэлеканала „Белсат”. Адпаведная заява прынятая сёння праўленнем арганізацыі.

„9 красавіка ўпраўленне Следчага камітэта па Менску правяло ператрус у кватэры, якую выкарыстоўваюць для сваёй працы супрацоўнікі спадарожнікавага тэлеканала „Белсат”, — гаворыцца ў заяве БАЖ. — У выніку ператрусу, які доўжыўся каля чатырох гадзін і пацягнуў за сабой фактычны разгром офіса, былі забраныя два сістэмныя блокі, тры ноўтбукі і ўсе электронныя носьбіты інфармацыі”.

Вобшук праводзіўся ў межах крымінальнай справы, распачатай па ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп) пракуратурай Менска, пра распаўсюджванне на сайце тэлеканала „Белсат” „выдумак паклёпніцкага характару”, паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

Як заяўляе БАЖ, пазіцыя арганізацыі па такой катэгорыі спраў застаецца нязменнай з 2002 года. „Журналісцкая арганізацыя выступае за дэкрыміналізацыю сямі артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за дыфамацыю, паводле Крымінальнага кодэкса: паклёп, абраза, паклёп у дачыненні да прэзідэнта, абраза прэзідэнта, абраза прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, абраза суддзі”, — гаворыцца ў заяве праўлення асацыяцыі журналістаў.

Як мяркуе праўленне БАЖ, „непрапарцыйна, калі для абароны гонару і годнасці выкарыстоўваюцца сродкі крымінальнага пераследу”. „Ператрусы ў журналістаў і ў офісах медыя самі па сабе з’яўляюцца ўмяшальніцтвам у свабоду, бо перакрэсліваюць права журналістаў захоўваць крыніцы інфармацыі, — гаворыцца ў заяве. — А за апошнія месяцы гэта стала для сілавікоў амаль нормай. На нашу думку, такія справы павінны разглядацца ў судзе выключна ў межах грамадзянска-прававога працэсу”.

БАЖ нагадвае, што беларускія ўлады рэгулярна атрымліваюць ад міжнародных арганізацый рэкамендацыі скасаваць згаданыя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Апошнім разам гэта адбылося па выніках разгляду Камітэтам ААН па правах чалавека справаздачы пра выкананне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у 2018 годзе.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае ўлады Беларусі выконваць рэкамендацыі міжнародных арганізацый у галіне свабоды слова і скасаваць крымінальную адказнасць за дыфамацыю; не выкарыстоўваць крымінальны пераслед супраць СМІ па дыфамацыйных артыкулах; спыніць крымінальную справу аб паклёпе і вярнуць забраную тэхніку прадстаўнікам тэлеканала „Белсат”.

Карэспандэнт „Белсата” Алесь Залеўскі мяркуе, што вобшук можа быць звязаны з матэрыялам аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя, які ён рабіў летам мінулага года. Як паведаміў Залеўскі БелаПАН, у тэкставай версіі матэрыялу „Сілавікі хапаюць медыкаў — больш за 50 затрыманых” на сайце belsat.eu праз тэхнічную памылку была апублікаваная інфармацыя пра затрыманне старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Андрэя Шведа. Пазней тэлеканал размясціў абвяржэнне і выказаў Шведу прабачэнні. Аднак кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз звярнуўся ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу.

belapan.by