БАЖ звярнуўся ў МУС: Спыніць ціск на журналістку Арыну Маліноўскую і яе родных



Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з нагоды ціску на родных вядучай тэлеканала «Белсат» Арыны Маліноўскай.

19 траўня ў эфір выйшла чарговае выданне праграмы «Шчыра кажучы», дзе былыя міліцыянты і вайскоўцы распавядалі пра сваю працу. На наступны дзень пасля выхаду перадачы стала вядома пра затрыманне гасцей выдання, былых сілавікоў Дзмітрыя Кулакоўскага і Ягора Емельянава.

21 траўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў студыю, дзе звычайна запісваліся інтэрв’ю для праграмы, але ў той дзень Арыны Маліноўскай там не было. Увечары таго ж дня сілавікі спрабавалі трапіць у кватэру, дзе жыла Маліноўская. У ноч на 22 траўня журналістка пакінула тэрыторыю Беларусі.

24 траўня да журналісткі Арыны Маліноўскай, якая знаходзіцца за мяжой, патэлефанаваў муж яе сястры, Валянцін Кучарэнка, і паведаміў, што яго затрымалі, даставілі ў ЦІП Мінгарвыканкама і не вызваляць адтуль, пакуль Арына Маліноўская не з’явіцца ў міліцыю.

Потым тэлефонную трубку ўзяў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам МУС. Ён пагражаў, што на Акрэсціна забяруць таксама бабулю і дзядулю Маліноўскай. У той дзень было яшчэ два званкі з Telegram мужа сястры Арыны, адзін з іх яна запісала, запіс размешчаны на сэрвісе Youtube.

25 траўня Валянцін Кучарэнка ў прысутнасці сілавікоў зноў тэлефанаваў журналістцы ў Telegram. Толькі ўвечары таго дня стала вядома, што маладога чалавека нарэшце вызвалілі.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» просіць правесці праверку прыведзеных вышэй звестак і спыніць ціск на журналістку Арыну Маліноўскую і яе родных.

novychas.by