Беларусь адзначае Міжнародны дзень пажылых людзей



1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень пажылых людзей. За апошнія дзесяць год колькасць пажылых беларусаў павялічылася на 16 адсоткаў. У Беларусі некаторыя пенсіянеры маюць большыя пенсіі, чым рабочыя. Хтосьці, сапраўды, жыве нядрэнна і рэалізуе сябе як асобу менавіта на пенсіі, бо з’яўляецца шмат вольнага часу. Хтосьці пасвячае сябе Богу і рэлігіі. А ў кагосьці з’яўляюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем, людскім падманам і страхамі.

Пенсіянеры Віцебшчыны распавядаюць, як ім жывецца на пенсіі, і якія праблемы іх турбуюць.

Добра цяпер жывецца, дык няма ўжо здароўя: хваробы адолелі. Старасць, няма ўжо сіл. Сацслужбы прыходзяць прыбіраюць. Да гэтага года ўсё сама спраўляла, а ў гэтым — паркінсон мяне страшна зваліў.

— Зараз пенсія нармальная, пражыць можна. Як будзе далей, не ведаю, каб другой Украіны не было толькі ў нас. Не дай Бог.

Вось цяпер шмат размоў пра гэту духоўнасць. Ніякай духоўнасці нідзе няма. Душэўнасць ёсць: паэты, празаікі, журналісты таксама, а духоўнасць — гэта Бог. Адкуль яна з’яўляецца? А трэба прытрымлівацца Божых запаведзей, калі хоць адну парушыў, збірайся цярпець пакуты.

У Беларусі на пачатак 2018 года, па дадзеных Белстата, крыху больш за 2 мільёна пажылых людзей, або кожны пяты жыхар краіны. Большасць з іх – жанчыны. У гарадах старых людзей жыве ў два з паловай разы больш, чым у сельскай мясцовасці. Пажылымі людзьмі лічацца тыя, каму 60 год і старэй.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя