Беларусь далучыцца да еўрапейскага маніторынгу за паводкамі



Каб эфектыўней вылічыць і папярэдзіць паводку, на Берасцейшчыне ў наступным годзе плануецца будаўніцтва сучаснай гідрастанцыі. Яе размесцяць на Ясельдзе, гэта адна з буйнейшых палескіх рэк, якая штогод затапляе Пінскі раён.

Такім чынам, Беларусь далучыцца да еўрапейскага маніторынгу за паводкамі, адзначыў адзін з каардынатараў праекту Уладзімір Карнееў:

– Праект Еўрапейскага звязу, фінансуецца Еўразвязам, выконваецца ён праз прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь. У 2007 годзе выйшла дырэктыва Еўразвяза па паряджэнню і кантролю рызыкі паводак, і мы ў Беларусі пачынаем таксама выконваць гэтую дырэктыву. Пілотны басейн ракі Ясельда – гэта як раз тая тэрыторыя, для якой мы будзем ацэньваць рызыку паводак. Будзем займацца матэматычна-гідраўлічным мадэляваннем, будзем ствараць карты рызыкі паводак.

Ёсць скептыкі праекту, якія перакананыя, што паводка на Палессі – гэта нармальная прыродная з’ява. Яна была напрацягу ўсіх стагоддзяў і нават жудасная меліярацыя не выправіла сітуацыю.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя