Беларусь і Аргентына дамовіліся пра скасаванне візаў



Кансультацыі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Аргентыны прайшлі 24 кастрычніка ў Менску. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў і ягоны аргентынскі калега Карлас Марыё Фарадоры абмеркавалі разьвіццё дыялогу ў палітычнай, гандлёвай і гуманітарнай галінах. На сустрэчы яны падпісалі міжурадавае пагадненне пра ўзаемныя бязвізавыя паездкі грамадзян.

Пакуль для наведвання Аргентыны беларусам усё яшчэ патрэбная віза, якую можна афармляць у маскоўскай ці кіеўскай амбасадах Аргентыны. Пагадненне набудзе сілу толькі пасля праходжання ўнутрыдзяржаўных працэдур у Беларусі і Аргентыне. Калі яны пройдуць і колькі «бязвізавых» дзён атрымаюць беларусы і аргентынцы — не ўдакладняецца.

Аналагічнае пагадненне Беларусь падпісала ў кастрычніку з Бразіліяй. Беларусам у Бразіліі і бразільцам у Беларусі даецца да 90 дзён на год бязвізавага знаходжання.

На гэты момант беларусы могуць наведваць бязь візаў 24 краіны. Паводле рэйтынгу, які ўлічвае бязвізавы доступ для кароткачасовых паездак, беларускае грамадзянства горшае, чым албанскае і ганскае.