Беларусь можа пераняць досвед Украіны па самакантролю на ВІЧ



Ва Украіне пачалі з’яўляцца аўтаматы па выдачы тэстаў на ВІЧ-інфекцыю. Калі будзе назірацца станоўчы вынік, то гэтую практыку могуць пераняць і ў Беларусі, – паведамляюць у ВІЧ- сэрвісных арганізацыях краіны.

На думку эксперта грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» Аляксандра Павельчука, пачынаць варта з падрыхтоўкі людзей, як сябе паводзіць і як дзейнічаць пасля тэста:

– Што б там ні было, атрымаўшы дзве палоскі, то бок калі ў чалавека ёсць станоўчы дыягназ, мы яму не кажам, што ён ВІЧ-інфікаваны. Мы яму тлумачым, што ў яго станоўчы аналіз тэста. Любая тэст-палоска, ці слінная, ці па крыві, патрабуе пацвярджэння імунаферментным аналізам, каб атрымаць статус ВІЧ-інфікаванага.

Магчымасць самакантролю на ВІЧ у Беларусі ўжо ёсць – у аптэках з мінулага года пачалі з’яўляцца тэсты, якія па сліне пакажуць ВІЧ-статус з гарантыяй на 98%.

Беларускае Радыё Рацыя