Беларусь на пятым месцы ў свеце па колькасці затрыманых журналістаў



Сёлета за кратамі па ўсім свеце апынуліся каля 300 журналістаў, гаворыцца ў дакладзе Камітэта па абароне журналістаў (CPJ). Арганізацыя месціцца ў Нью-Ёрку.

На 1 снежня за кратамі знаходзіліся 293 журналісты. І такой вялікай колькасці арыштаваных прадстаўнікоў СМІ эксперты Камітэта яшчэ ні разу не бачылі. Акрамя таго, сёлета былі забітыя 19 журналістаў. Самая вялікая колькасць затрыманых журналістаў — у Кітаі 50. Беларусь у гэтым антырэйтынгу знаходзіцца на пятым месцы — пасля Кітая, М’янмы, Егіпта і В’етнама. У дакладзе гаворыцца, што ў Беларусі ў няволі знаходзіцца 19 прадстаўнікоў медыя, але, паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, ужо больш.

У дакладзе гаворыцца, што Аляксандр Лукашэнка „паказаў, як мала ён клапоціцца пра грамадскую думку, і як шмат клапоціцца пра тое, каб застацца ва ўладзе”.