Беларусь па-за МКАДам: слова бяруць рэгіёны
Грамадзянская кампанія “Гавары праўду” аб’явіла серыю форумаў. Яны пройдуць цягам году ў кожнай вобласці Беларусі.
Распавядае кіраўнік кампаніі Андрэй Дзмітрыеў:
– Калі з людзьмі размаўляеш у рэгіёне і нешта ім расказваеш, яны кажуць: ха, дык гэта ў Менску. Маўляў, дзе мы, а дзе яны. Але ж мы жывём у адной краіне. А гэта значыць, што калі пераменаў няма ў рэгіёнах, то іх няма і ў Беларусі. У Менску могуць быць нейкія новыя тэндэнцыі, нараджаюцца трэнды, але без рэгіёнаў гэта не можа быць стабільным і незваротным. Мы выштурхнем перамены за межы кальцавой дарогі.
Першы форум запланаваны на канец сакавіка – пачатак красавіка. Месца дзеі пакуль не называецца. Але вядома, што кожны ахвочы зможа трапіць на форум праз папярэднюю рэгістрацыю.
Гаворыць адна з лідараў “Гавары праўду”, экс-кандыдат ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч:
– Улада сёння прымае вельмі непапулярныя рашэнні, якія кладуцца цяжарам на плечы грамадзянаў. Чаму яна гэта робіць? Таму што яна ў першую чаргу бачыць, як не хапае сёння грамадскім актывістам, грамадзянам, палітычным арганізацыям энергіі супраціўляцца, абараняць свой голас.
Актывісты з рэгіёнаў апынуцца сярод 500 кандыдатаў, якіх “Гавары праўду” хоча вылучыць на мясцовых выбарах у 2017 годзе.
Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя