Беларус падазраецца ў выкраданні біткоінаў на 50 тысяч даляраў



Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі расследуе крымінальную справу пра крадзеж біткоінаў. Пра гэта паведаміла 12 верасня ў эфіры „Радыё Мінск” афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Паводле дадзеных следства, грамадзянін Беларусі з выкарыстаннем шкоднага праграмнага забеспячэння атрымліваў доступ да ўліковых запісаў карыстальнікаў розных інтэрнэт-рэсурсаў. Далей ім праводзіліся анлайн-аперацыі па крадзяжы крыптавалюты Bitcoin з рахункаў на агульную суму больш за 50 тысяч даляраў ЗША.

Усяго ж падчас следства было ўстаноўлена больш за 500 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці. Прычыненая шкода была цалкам пакрытая падчас расследавання.

Bitcoin — першая і найбольш вядомая крыптавалюта. Біткоінамі можна разлічыцца за тавары і паслугі ў тых прадаўцоў, якія гатовыя прымаць такую крыптавалюту. Біткоіны таксама абменьваюць на звычайныя грошы — праз анлайн-сэрвісы абмену лічбавых валют, іншыя плацежныя сістэмы, абменныя пункты.

belapan.by