Беларусь паменшыла квоту на атрыманне статусу бежанца



 У 2020 годзе статус бежанца ў Беларусі могуць атрымаць 700 чалавек. Такая інфармацыя ўтрымліваецца ў пастанове Міністэрства ўнутраных спраў № 353 „Аб устанаўленні размеркавальных квот рэгістрацыі хадайніцтваў на 2020 год” ад 31 снежня 2019 года.

Дакумент апублікаваны 14 студзеня на Нацыянальным прававым партале. Згодна з пастановай, для падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі ўпраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў на 2020 год устанаўліваюцца размеркавальныя квоты рэгістрацыі хадайніцтваў аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прыстанішча ў Беларусі. Для Берасцейскай вобласці — 120 чалавек; для Віцебскай — 150 чалавек; Гомельскай — 150; Гарадзенскай — 90; Менскай — 110; Магілёўскай — 80 чалавек.

За апошнія пяць гадоў квота на атрыманне статусу бежанца скарацілася амаль у два разы. У 2015 і 2016 гадах яна складала 1.200 чалавек, у 2017 і 2018 гадах — 800 чалавек, а ў 2019-м — 900.

Паводле інфармацыі МУС, у Беларусі пражывае каля 1,7 тысячы асоб са статусам бежанца, прыкладна 3,7 тысячы грамадзянам дадзена дадатковая абарона. Большасць прашэнняў аб наданні статусу бежанца паступае ад грамадзян Афганістана, аб дадатковай абароне часцей хадайнічаюць грамадзяне Украіны.

belapan.by