Беларусь паводле ўзроўню хабарніцтва апярэджвае Расею ў пяць разоў



Па колькасці выпадкаў хабарніцтва (на 10 тыс. чалавек) Беларусь апярэджвае Расею ў пяць разоў, прычым гэтая розніца ўвесь час павялічваецца. Такія параўнальныя дадзеныя прыводзяцца ў новым зборніку „Беларусь і Расея — 2018”, які кожныя два гады рыхтуюць статыстычныя службы дзвюх краін.

Паведамляецца, што з 1995 года колькасць выпадкаў хабарніцтва ў разліку на 10 тыс. чалавек у Расеі практычна не змянілася, а ў Беларусі гэты паказчык увесь час павялічваецца.

Так, у Расеі колькасць выпадкаў хабарніцтва на 10 тыс. чалавек у 1995 годзе складала 0,3, а ў 2017-м — 0,4. У той жа час у Беларусі гэты паказчык у 1995 годзе складаў 0,6, у 2015-м дасягнуў 1,2, у 2016-м — 1,3, а ў 2017-м на 10 тыс. чалавек у Беларусі прыпала два выпадкі хабарніцтва.

У Беларусі, паводле дадзеных пракуратуры, у 2018 годзе назіраўся рост карупцыйных злачынстваў. У прыватнасці пракурор Менскай вобласці Алег Лаўрухін на прэс-канферэнцыі ў лютым канстатаваў, што ў сталічным рэгіёне за мінулы год колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў павялічылася на 85% у параўнанні з 2017-м.

Пры гэтым прадстаўнік пракуратуры канстатаваў, што найбольшая колькасць крымінальных справаў была распачатая па арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару).

belapan.by