Беларусь плануе ў 2017 годзе закупіць самалёты Су-30СМ



У 2017 годзе запланаваная закупка самалётаў Су-30см. Пра гэта паведаміў у інтэрв`ю „Белорусской военной газете” намеснік міністра абароны па ўзбраенні — начальнік узбраення Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Ігар Лацянкоў.

Таксама, паводле яго слоў, плануецца закупка комплексаў радыёманіторынгу, 120-мм мінамётаў 2Б23 „Нона-М1”, беспілотных авіяцыйных комплексаў рознага прызначэння, а таксама серыйная мадэрнізацыя БТР-70МБ1. Будзе праведзены капітальны рамонт верталётаў Мі-24К, Мі-8ПС, самалёта Іл-76МД, танкаў Т-72Б, БМП-2, прадоўжана далейшая мадэрнізацыя танкаў Т-72БМ1. „Плануецца правесці сумесную працу з прадпрыемствамі абароннага сектара эканомікі па пераводу розных тыпаў РСЗА на шасі айчыннай вытворчасці”, — сказаў Лацянкоў.

Ён паведаміў, што толькі за апошні год для патрэб Узброеных сіл было закуплена больш як 250 новых узораў ўзбраення і ваеннай тэхнікі — вучэбна-баявыя самалёты Як-130, транспартна-баявыя верталёты Мі-8МТВ-5, комплексы радыёманіторынгу, РСЗА „Паланэз”, РЛС „Праціўнік-Г”, РЛС „Усход-Д”, батарэя „Тор-М2”, МРЛК „Раса-РБ”, БАК „Маскіт” і гэтак далей.

„За кошт закупкі і ўкаранення сучасных комплексаў сродкаў аўтаматызацыі забяспечана аператыўнасць кіравання злучэннямі і воінскімі часцямі ВПС і войскаў СПА. Створаная ў ВПС і войсках СПА аўтаматызаваная сістэма кіравання дазваляе забяспечыць аналіз паветранай абстаноўкі над усёй тэрыторыяй рэспублікі і прылеглымі раёнамі сумежных дзяржаў, пастаноўку баявых задач у аўтаматызаваным рэжыме агнявым сродкам у рэальным маштабе часу”, — адзначыў намеснік міністра абароны.

Новымі комплексамі сродкаў аўтаматызацыі аснашчаны камандныя пункты розных узроўняў. Усяго, напрыклад, у ВПС і войсках СПА эксплуатуецца больш за 20 розных тыпаў комплексаў сродкаў аўтаматызацыі.

Планава ажыццяўлялася пастаўка для патрэб арміі аўтамабільнай тэхнікі айчыннай вытворчасці. У 2016 годзе ва Узброеныя сілы пастаўлена больш за 220 адзінак аўтамабільнай тэхнікі вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода.

belapan.by