Беларусь прапанавала правесці ў сябе міжнародны касмічны кангрэс



Беларусь прапанавала ў 2018 годзе правесці ў сябе міжнародны касмічны кангрэс, паведаміў 20 студзеня на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры БелТА дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Залатой.

bbd6cc

„Правесці міжнародны касмічны кангрэс у Беларусі — гэта ініцыятыва нашых касманаўтаў. Прыйшоў вялікі ліст, падпісаны Уладзімірам Кавалёнкам, Алегам Навіцкім і гэтак далей”, — растлумачыў Залатой.

Паводле яго слоў, у 2017 годзе міжнародны касмічны кангрэс пройдзе ў Парыжы. „Беларусь гатовая такі кангрэс правесці ў сябе і даць пляцоўку для правядзення гэтага мерапрыемства ў 2018 годзе. Адпаведную згоду кіраўніка дзяржавы ўжо атрымалі”, — сказаў ён.

Ён паведаміў, што ў гэтымі днямі ў Менск прыедзе Уладзімір Кавалёнак і акадэмія навук рыхтуе для яго інфармацыю пра дасягненні Беларусі ў касмічнай сферы. „Ён будзе рабіць даклад на кангрэсе ў Парыжы з тым, каб узгадніць правядзенне наступнага кангрэса ужо ў Беларусі. Але тэмамі такіх кангрэсаў становіцца пілатаваная касманаўтыка. На іх прыязджаюць касманаўты з розных краін”, — адзначыў Залатой.

Дырэктар прадпрыемства нагадаў, што раз на два гады праходзіць Беларускі касмічны кангрэс і ў 2017 годзе запланаваны чарговы.

Як патлумачылі БелаПАН на прадпрыемстве „Геаінфармацыйныя сістэмы”, гаворка ідзе пра міжнародны кангрэс, што арганізуецца Асацыяцыяй удзельнікаў касмічных палётаў (АУКП). У яе склад уваходзяць больш як 400 касманаўтаў, якія здзейснілі касмічныя палёты. АУКП аказвае падтрымку па прасоўванні касмічных даследаванняў, падаючы магчымасці для зносін паміж касмічнымі спецыялістамі на міжнародным узроўні. Штогод АУКП арганізуе міжнародны кангрэс у розных краінах для прафесійнага абмену паміж амерыканскімі, расійскімі і міжнароднымі касманаўтамі і астранаўтамі.

belapan.by