Беларусь заклікаюць спыніць знішчэнне Альманскіх балот



Міжнародная рабочая група па захаванні балот заклікала беларускія ўлады спыніць будаўніцтва дарогі праз Альманскія балоты.

Адпаведная  рэзалюцыя  была прынятая на 18-й Генеральнай асамблеі ва Утрэхце (Нідэрлянды). Удзельнікі Асамблеі прадстаўлялі 23 краіны свету.

Дарога праз балота. Фота І. Мураўёва

Балотаведы і прыродаахоўнікі заклікаюць да перагляду планаў і прыпынення праекту.

Праз Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Альманскія балоты» будуюць дарогу № 3, якую плануюць здаць у верасні. Дарога патрэбна ў гаспадарчых мэтах – гэта доступ да лесу, які пойдзе на продаж. У планах лясгаса пабудаваць яшчэ дарогі № 4 і № 5, якія канчаткова парэжуць  балоты.

Альманскія балоты  — найбуйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане.