Беларусам быць модна



“Беларусам” – так называецца брэнд, які цягам некалькіх гадоў ствараюць Аляксандра і Уладзімір Рамановічы. Сотні людзей ужо пачалі цікавіцца праектам і пазітыўна аднесліся да яго.

Гэта перш за ўсё рэчы, што будуць дапамагаць вывучаць беларускую мову і далучацца да беларускай культуры, – кажа Уладзімір Рамановіч.

– Усё пачалося з таго, што гадоў пяць таму, калі з’явіўся першы сын, я пачаў задумвацца, каб стасункі ў сям’і і навучанне былі беларускамоўнымі. На той час з’явілася шмат метадычных матэрыялаў па ангельскай мове, расейскай, але па беларускай мове для самых маленькіх, на жаль, нічога не было. Неяк я пабачыў адну методыку вырабу лічбаў на магнітнай аснове. Але вывучэнне мовы трэба пачынаць з алфавіту. Таму мы пачалі шукаць адмысловыя малюнкі, вобразы прыдумляць, дапасоўваць іх да літар. І стварылі наборчык беларускай азбукі. Мы з жонкай стварылі УКантакце і Фэйсбуку суполку. І спачатку назвалі “Магніты бэл”. Але калі пасля пачалі з’яўляцца новыя прадукты, мы падумалі, а як бы абагульніць іх нейкім ёмістым словам. Прыйшлі да высновы, што ўсё, што мы плануем рабіць, гэта для беларусаў. Кім ты хочаш быць?  Беларусам. Кім быць ганаруся?  Беларусам. Вось такім чынам з’явілася наша назва.

Акрамя магнітаў мы робім сшыткі, капэрты, адзенне, жаночыя ўпрыгажэнні. І робім стаўку на якасць. 

Аляксандра Рамановіч: Зацікаўленасць да ўпрыгажэнняў вялікая. Калі людзі бачаць, што гэта не проста ўпрыгажэнне, а менавіта з беларускім каларытам, то яны бяруць вельмі шмат. Калі абагульніць, то цікаўнасць толькі ўзрастае. І калі ў чалавека ёсць выбар, напрыклад, набыць завушніцы звычайныя ці з арнаментам, то ўжо цікавасць ідзе да вырабаў з арнаментам. Бо чалавек ужо адчувае ў сабе гонар, што ён сапраўды беларус і хоча гэта паказаць.

Больш падрабязна з прапановамі дызайнерскага праекту Аляксандры і Уладзіміра Рамановічаў можна пазнаёміцца на іх старонцы ў Інтэрнэце belarusam.by

Гутарыла Анна Шайкоўская,  Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.