Беларусам дазволяць працаваць у Расеі з нацыянальнымі пасведчаннямі кіроўцы



У Расеі з 1 чэрвеня набыў моц закон, які забараняе замежным прафесійным кіроўцам карыстацца нацыянальнымі пасведчаннямі. Такая норма, зразумела, ударыла па шматлікіх беларусах-дальнабойшчыках.

Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў кажа, што праз тыдзень праблема вырашыцца на карысць беларускіх кіроўцаў.

– Не ўсё ўлічылі, прымаючы закон. Дума выйдзе пасля летняга перыяду і будзе прымаць да яго папраўкі, якія зменяць патрабаванне, што трэба мець расейскія пасведчанні для ўсіх кіроўцаў, у тым ліку і краін Еўразійскага эканамічнага саюза, зразумела, і Беларусі. Пакуль дамовіліся, што на бліжэйшым паседжанні міністраў саюзай дзяржавы, гэта, па-мойму, у Піцярбургу на наступным тыдні адбудзецца, прымуць часовы акт двух урадаў, які выключыць патрабаванне для беларускіх кіроўцаў мець расейскія пасведчанні.

На аўтааматараў-іншаземцаў новы расейскі закон не распаўсюджваецца.

Беларускае Радыё Рацыя