Беларусам Пецярбурга забаронена збірацца ля пасольства (абноўлена)
Беларусы Санкт-Пецярбурга запісалі відэа ў падтрымку пратэстуючых у краіне. Гэта іх 141-я акцыя запар. Гэтым разам сабрацца ля амбасады Беларусі ім не ўдалося.
* * *
З 1-га аддзела паліцыі Санкт-Пецярбурга адпусцілі 14 чалавек, затрыманых 26 снежня каля пасольства Беларусі.
Як паведамляе „Северо-Запад. МБХ медиа”, на ўсіх пратэстоўцаў склалі пратаколы за парушэнне артыкула 8-6-1 адміністрацыйнага кодэкса Санкт-Пецярбурга (парушэнне супрацьэпідэмічных мер).
Як паведаміў расейскаму выданню прадстаўнік беларускага зямляцтва Артур Грунтоў, беларусам, якія пражываюць у Пецярбургу, забаранілі збірацца з нацыянальнай атрыбутыкай каля будынка пасольства і скандаваць лозунгі. Да людзей, якія праводзяць каля пасольства акцыі, у мінулую пятніцу падышоў супрацоўнік паліцыі і паведаміў, што пачынаючы з суботы, 26 снежня, забараняецца знаходзіцца каля пасольства з беларускай атрыбутыкай і скандаваць лозунгі.
Паводле слоў Грунтова, забарону паліцэйскі патлумачыў 54-м федэральным законам, які забараняе грамадзянам замежных дзяржаў ладзіць мітынгі на тэрыторыі Расіі. Паводле слоў паліцэйскага, пад забарону трапяць не толькі вялікія сцягі, але і маленькія стужачкі са значкамі.
Грунтоў удакладніў, што паліцыя пачне штрафаваць людзей з сімволікай. Штраф складзе чатыры тысячы рублёў. Пры гэтым проста стаяць каля пасольства, без сцягоў і іншай атрыбутыкі, будзе дазволена.
Беларусы, якія пражываюць у Пецярбургу, 139 дзён запар выходзілі да будынка пасольства з бел-чырвона-белай сімволікай, патрабуючы адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і спынення гвалту ў Беларусі.
Фота: Юры Баранюк
