Беларусаў усё больш на польскім рынку працы



У мінулым паўгоддзі было пададзена 32,8 тыс. заявак на дазволы працаўладкаваць беларусаў.

Цяпер кожная пятая фірма ў Польшчы бярэ на працу ўкраінцаў. На працягу найбліжэйшых двух гадоў на працу ў краіну прыедзе каля мільёна чалавек з усходу. Але разам з тым павялічваецца колькасць беларусаў, якія шукаюць работу ў Польшчы.

Такія вынікі даследавання, якое правяла польская фірма Personnel Service і Дзяржаўная служба працаўладкавання Украіны.

Паводле вынікаў апытання, толькі 9% палякаў бачаць ва ўкраінцах канкурэнтаў. Але 40% лічыць, што работнікі з усходу тармозяць рост заработнай платы.

З іншага боку, частка польскіх працадаўцаў прызнаюць, што гатовы плаціць замежным працаўнікам нават больш, чым палякам, у тых выпадках, калі бракуе рабочых рук.

17 % прадпрымальнікаў шукаюць работнікаў менавіта на ўсходзе. А 8% фірм, якія былі апытаны, маюць работнікаў з Беларусі, — і гэта на 6% больш, чым у пачатку года. У мінулым паўгоддзі было пададзена 32,8 тыс. заявак на дазволы працаўладкаваць беларусаў. Гэта на 37% больш, чым у першым паўгоддзі 2017 года.

Апытанне паказала, што 75% работнікаў з усходу зарабляюць больш за 2,5 тыс. злотых (каля 1350 бел. руб.) на рукі.

Польскае Радыё