Беларушчына праз гандаль прысмакамі



«Гарачы сабака», «Гарэзніца», «Макавы слімак» – гэта далёка не поўны пералік назваў ласункаў, якія прадаюцца ў менскай «Уруччакраме». Беларускамоўная крама ўжо другі год распаўсюджвае беларушчыну праз гандаль прысмакамі. Момантамі з працы ў краме дзеліцца прадавачка Алена:

«Гарачы сабака» – гэта звычайны хот-дог. Калі мы пачалі гатаваць яго, то думалі над назвай. Чаму на іспанскай мове гэта «perrito caliente», на ангельскай – «hot dog», а па-беларуску не можа быць «гарачы сабака»? Гэта ж і ёсць «гарачы сабака». Гэта не тайская кухня.

Патрыятычная арыентацыя «Уруччакрамы» часамі выклікае непрыязную рэакцыю з боку пакупнікоў. Гаворыць супрацоўнік Арцём Савельеў:

Безумоўна, пісалі ў кнізе скаргаў свае меркаванні: расіст, не захацеў пераходзіць на расейскую мову. На такое таксама адпісваецца і даецца адказ на расейскай мове ўжо. Кантралюючыя органы заўсёды станоўча ставяцца да беларускай мовы.

Дагэтуль у беларускіх гарадах установы з беларускамоўным абслугоўваннем наведвальнікаў з’яўляюцца хутчэй выключэннем, чым правілам.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара