Беларускае аб’яднанне рабочых: Страйк набірае ход (абноўлена)



Беларускае аб’яднанне рабочых (БАР) выступіла з заявай у сувязі з распачатым у Беларусі страйкам:

– Вольныя беларусы! Са звестак на 12:00 нам у бот ужо напісалі больш за 15 000 чалавек, якія не прыступілі да працы і засталіся дома. Прыходзіць інфармацыя, што народ страйкуе цэхамі ў розных раёнах нашай краіны. Ужо пачаліся перабоі з рэгулярным транспартам, у гарадах стала менш таксовак.

Мы гэта зрабілі! Мы запусцілі лавіну перамен у Новай Беларусі!

* * *

Па стане на канец дня Сяргей Дылеўскі лічыць, што першы дзень прайшоў нават лепш, чым яны самі планавалі.

«Па стане на 16 гадзін па мінскім часе ў бот Беларускага аб’яднання рабочых напісала каля 20 тысяч чалавек, якія засталіся дома. Гэта людзі з разнастайных прадпрыемстваў, студэнты, прадстаўнікі прыватнага бізнэсу. Мы не можам раскрываць падрабязнасці ў мэтах бяспекі». 

16:00 На адным з участкаў звольніліся ўсе дворнікі пасля загада выканкама павялічыць нагрузку:

«Прыйшла жанчына, супрацоўніца ЖЭС, нумар, на жаль, не спытаў абслугоўваюць р-н Калеснікава, Жыновіча “Каменная горка” і распавяла што робіцца ў іх: прыйшоў ліст з выканкама з загадам павялічыць нагрузку на дворнікаў да 19 пад’ездаў: гэта закаціць і выкаціць 19 кантэйнера падмесці, вільготная ўборка 19 пад’ездаў, уборка лісця, снягі, смецця на прылеглай тэрыторыі.

На што ўсе дворнікі напісалі заявы на звальненьне. Засталіся толькі хімікі і аліментшчыкі, ім дзявацца няма куды. Але яны набіраюць».

15:00: «Працую на 1РУ Беларуськалія. Сёння ў другую змену не выйшлі ўчасткі ПДУ-1, 5 і 9, а таксама ПУВРКТ. Не ведаю, бальнічныя ўзялі ці што, але дыспетчар і начальства насіліся па рудніку як уджаленыя».

14:25: Падпісанты тэлеграм-канала „БОР-БЕЛОРУССКОЕ ОБЪЕДИНЕНИЕ РАБОЧИХ” працягваюць дасылаць інфармацыю аб тым, што адбываецца на месцах:

– Працую на прыватніка і цяпер шынамантажны сезон, але мы ўсе засталіся дома ў падтрымку забастоўкі!

– Я – інжынер-праграміст адной з буйных IT-кампаній.
Калі абвясцілі перадстрайкавы стан, я адразу зразумеў, што далучуся да стачкі.
Таму што для мяне „трыгер” наступіў ужо даўно – калі ўлада забівала і калечыла людзей.
Я гэтага не ўсведамляў, але аказалася, што чакаў я не нейкага трыгера, не хапала толькі кансалідацыі. Бо я і так працую з дому, узяў водпуск за свой кошт — не хачу карміць хунту падаткамі.
„Трыгер” аб якім у апошні час кажуць – калі пачнуць дзейнічаць санкцыі, шматлікія пазбавяцца працы, няма чым будзе прахарчаваць сем’і і тады людзі пачнуць баставаць…
Выбачыце, але такую ​​стачку я не падтрымаю.
Такую стачку можна абарочваць у што заўгодна, але гэта ўжо не будзе барацьба супраць гвалту. Гэта будзе барацьба за чарку і скварку.
Няхай жыве сапраўдная стачка – супраць катаванняў і гвалты! Супраць беззаконня! Страйк годных людзей!

Усё больш беларусаў дасылае здымкі і плакаты з заклікам заставацца дома, паведамляе тэлеграм-канал „БОР-БЕЛОРУССКОЕ ОБЪЕДИНЕНИЕ РАБОЧИХ”.

12:50 Адразу з некалькіх крыніц да нас паступае інфармацыя аб тым, што на некалькіх найбуйнейшых прадпрыемствах Мінска, кіраўнікі і ідэолагі пад пагрозай звальнення забараняюць абвяшчаць і распаўсюджваць інфармацыю аб колькасці адсутных на працоўных месцах людзей.

9:21 Паводле тэлеграм-каналу БАР паступіла інфармацыя пра тое, што ў Гомелі ў адным з тралейбусных дэпо выведзена са строю мноства тэхнікі. Прабіты колы. Таксама жыхары Гомеля пацвярджаюць аб перабоях у графіцы працы грамадскага транспарту (інфармацыя ўдакладняецца).

9:0З З’явілася інфармацыя пра тое, што спыніліся некаторыя цэхі на МАЗе. Такая ж інфармацыя паступае і з Кавальскага завода ў Жодзіне.