Беларускае шэсце ў Вільні



У Вільні ўшанаванне памяці Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863-1864 гадоў працягнулася 23 лістапада.

“Каго любіш? Беларусь!”- гэты і шэраг іншых патрыятычных лозунгаў гучалі на вуліцах Вільні.  У “Паўстанцкім ланцугу” жалобным шэсцем ад Вострай брамы да могілак Росы прайшло некалькі соцень беларусаў. Усё адбывалася пры ўзнятым настроі са сцягамі, знічамі і патрыятычнымі спевамі:

– Слава героям! Героям Слава!

– Сёння ў нас чыста беларускі марш, каб паказаць хто наш герой, як адносяцца нашыя землякі, усе беларусы да нашага нацыянальнага героя.

– Для нас ён вельмі значная постаць. А што зараз навязваюць нашым дзецям? Хто яго ведае, як яно будзе далей. Для гэтага і трэба прыязджаць, каб бачна было, што гэта для нас не пусты гук.

– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!

– Нам, нашчадкам тых змагароў, дастаткова перайсці гэтую мяжу да Вільні, а гісторыя сведчыць, што ўсе межы часовыя. І трапіўшы сюды, мы можам дыхаць тым паветрам змагання, якім дыхалі нашы папярэднікі.

– Каго любіш? Беларусь!

Яшчэ сёння(24.11) удзельнікі віленскіх урачыстасцяў будуць маліцца за спачын паўстанцаў падчас рыма-каталіцкага набажэнства.

[Not a valid template]

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня

Фота аўтара