Беларуская чыгунка правядзе 28 чэрвеня Адзіны дзень пасажыра



Пасажыры змогуць задаць спецыялістам Беларускай чыгункі пытанні вусна, а таксама пакінуць свае пытанні пісьмова. Іх заявы будуць разгледжаны ў адпаведнасці з законам „Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб”.

Сустрэчу з пасажырамі Беларуская чыгунка праводзіць ужо некалькі гадоў у апошні чацвер трэцяга месяца квартала на вакзалах у Менску, Берасці, Баранавічах, Гародні, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Оршы з 14.00 да 17.00.

„Правядзенне гэтых сустрэч з насельніцтвам – яшчэ адна магчымасць абмеркаваць пытанні, звязаныя з ажыццяўленнем перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў рэгіёнах”, – адзначылі ў прэс-цэнтры.

У бягучым годзе гэта мерапрыемства пройдзе таксама 27 верасня і 27 снежня.

Акрамя таго, для ўдасканалення арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларуская чыгунка пастаянна вывучае меркаванне пасажыраў шляхам анкетавання. Пытанні анкет размяшчаюцца на афіцыйным сайце БЧ.

„Правядзенне такіх мерапрыемстваў садзейнічае далейшаму развіццю пасажырскіх перавозак, – перакананы ў БЧ. – Беларуская чыгунка адкрыта для сустрэч з пасажырамі і гатова выслухаць усе пажаданні і прапановы, якія будуць аналізавацца і ўлічвацца (пры наяўнасці арганізацыйна-тэхнічных магчымасцей БЧ) пры карэкціроўцы графіка руху паяздоў”.

belta.by