Беларуская чыгунка ўводзіць узмоцнены дэзынфекцыйны рэжым
Беларуская чыгунка ўводзіць узмоцнены дэзынфекцыйны рэжым у рамках мер, што прымаюцца па прафілактыцы інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, паведамляе прэс-цэнтр чыгункі.
Распрацаваны план мерапрыемстваў, якім прадугледжана правядзенне ўзмоцненага дэзынфекцыйнага рэжыму на чыгуначных вакзалах, у рухомым саставе, у сталовых, культурна-спартыўных цэнтрах, санаторна-аздараўленчых падраздзяленнях, а таксама санітарна-бытавых памяшканнях прадпрыемстваў Беларускай чыгункі.
Так, на вакзалах і ў пасажырскіх цягніках беларускага фарміравання, а таксама маторвагоннага рухомага саставу павялічана кратнасць вільготнай уборкі з выкарыстаннем дэзынфекцыйных сродкаў санітарных вузлоў, салонаў і тамбураў вагонаў, працірка або мыйка сядзенняў, падлакотнікаў, дзвярэй, ручак дзвярэй, поручняў, шыб і рам, багажных паліц, сцен, труб і г.д.
Вакзальныя комплексы Беларускай чыгункі забяспечаны дазатарамі з антысептычнымі сродкамі для апрацоўкі рук.
Усе цягнікі лакаматыўнай цягі Беларускай чыгункі ўкамплектаваны супрацьэпідэмічнымі ўкладкамі. У выпадку звароту або выяўлення пасажыраў з сімптомамі захворвання на вірусную інфекцыю супрацоўнікі чыгункі гатовыя правесці неабходныя мерапрыемствы.
У цягніках міжнародных зносін фарміравання беларускай магістралі работнікі цягніковых брыгад звяртаюць асаблівую ўвагу на пасажыраў з прыкметамі недамагання, ажыццяўляецца анкетаванне пасажыраў на прадмет наведвання краін, дзе зарэгістравана найбольшая колькасць выпадкаў заражэння новым тыпам каранавіруса. Інфармацыя пра гэтых асоб паведамляецца ўстаноўленым парадкам ва ўстановы аховы здароўя.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на сёння ў краіне зафіксавана сем ачагоў завезенай інфекцыі COVID-19: па адным выпадку ў Гародні і Гомелі, па два ў Менску і Віцебску і адзін у Менскай вобласці. Ад гэтых сямі чалавек заразіліся і ўсе астатнія, у каго быў выяўлены каранавірус.
Усяго ў краіне выяўлена 27 чалавек з гэтай інфекцыяй, тры ўжо выпісаныя. У бальніцах цяпер знаходзяцца 24 пацыенты з COVID-19, адзін з якіх у стане сярэдняй ступені цяжкасці. На медыцынскім кантролі знаходзяцца 225 чалавек, якія мелі кантакты з хворымі на COVID-19.
belapan.by
