Беларуская кухня па-віцебску: на “трасянцы”



Паўтара гады таму ў Віцебску адкрылася першая кавярня з памылкамі ў назве. А днямі наведнікаў пачала прымаць ужо трэцяя ў горадзе “Батькова хата”. Гаспадар заяўляе, што моўную “трасянку” – ужыванне расейскіх і беларускіх словаў уперамешку – лепей разумеюць замежныя госці.

“Трасянкавая” назва і кіч у афармленні інтэр’ераў сталі вызначальнымі рысамі сеткі кавярняў. Першая з іх увогуле выклікала абурэнне ў віцяблян: яе размясцілі ў “сталінцы” – помніку гарадской архітэктуры сярэдзіны мінулага стагоддзя, стылізаваўшы ўваход пад драўляную хатку. Зрэшты, вонкавая эклектыка не саступае і ўнутранай у кожнай з трох кавярняў. Паўсюль інтэр’еры аздабляюць намаляваныя сцэнкі з сялянскага жыцця, якім яго ўяўляе невядомы мастак. Гэта вясёлыя брудныя свінкі і кілбасы з іх, прыгатаваныя пульхнымі вясковымі спадарынямі, тут жа – платы са сланечнікамі на ўзор хрэстаматыйных украінскіх сюжэтаў, а таксама каты, сабакі, пеўні і шматдзетныя сем’і за вялікімі сталамі. Прычым бацька сямейства, як правіла, ужо спіць у абдымку з вялікім кухлем. Дадаць да гэтага колькі старых самавараў, расстаўленых на палічках, дэкаратыўныя каміны, “бабульчыны” палавічкі пад нагамі ды мядзвежыя скуры на сценках – і атрымаецца той самы стыль, які практычна немагчыма ахарактарызваць з кропкі гледжання навуковай этнаграфіі. Аднак многія наведнікі цяпер лічаць, што гэткая мешаніна – і ёсць беларускі нацыянальны каларыт.

Што праўда, афіцыянткі імкнуцца размаўляць з наведнікамі па-беларуску. Але меню ў “Батьковай хаце” – расейскамоўнае, хаця ў ім і прысутнічае “бульба”. І гатуюць тут смачна, у тым ліку нацыянальныя стравы. Толькі назва адпалохвае кліентаў, якія ведаюць беларускую мову і спрабуюць давесці, што трэба пісаць ці “Бацькава хата”, ці ўжо “Батькина хата”, калі па-расейску. Аднак Канстанціна Філіпава, гаспадара сеткі “Арэна-піцца”, куды ўваходзяць і “хаты”, відавочная непісьменнасць не бянтэжыць. Наадварот, ён лічыць яе ўдалым брэндам: маўляў, падчас рэгістрацыі таварнага знака высветлілася, што беларускамоўны варыянт ужо заняты, а “Батькова хата” выклікае пэўныя “трасянкавыя” асацыяцыі і добра ўспрымаецца замежнымі гасцямі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск