Беларуская мова штурмуе… парламент!



Рада ТБМ увечары прыняла адмысловую заяву “Беларускую мову – у беларускі парламент!” У ёй канстатуецца, што насуперак Канстытуцыі і дзейнаму заканадаўству, што абвяшчаюць роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, істотна абмяжоўваюцца правы беларускамоўных грамадзян краіны. Асабліва ў адноснах з дзяржаўнымі структурамі. Пра тое, як збіраецца ТБМ мяняць сітуацыю, раскажуць старшыня ТБМ ды яго намесніца – адпаведна Алег Трусаў і Алена Анісім.

IMG_0843

РР: Падстава прыняцця менавіта такой заявы рады ТБМ?

Алег Трусаў: ТБМ заўжды рэагавала на ўсе палітычныя падзеі – выбары і прэзідэнцкія, і парламенцкія. Стараемся іх скарыстаць дзеля беларускасці. Дарэчы, дзякуючы нам тая ж Ярмошына пасля нашых захадаў усе 7 млн бюлетэняў надрукавала па-беларуску. Але пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў мы пераканаліся, што наша апазіцыя перастала быць нацыянальна-патрыятычнай. І нават спадарыня Караткевіч, сябра ТБМ, што ў сваю праграму ўставіла нашы прапановы, – у Маскве аказалася ў адносінах да мовы чалавекам “і нашым, і вашым”. Ну і апошні знакавы момант – адносіны да Святланы Алексеевіч пасля Нобеля. Калі тыя, хто крытыкаваў яе за адмоўныя выказванні супраць мовы, раптам заткнулі раты. Але ж нічога не змянілася! Таму і паставілі зараз задачу аб’яднаць апазіцыю на грунце дзяржаўнасці беларускай мовы. Дзеля чаго ставім на мэце скласці парламенцкі спіс “Беларускі патрыёт”. Гэта заява – першы крок.

РР: Вы ўсур’ёз думаеце, што ваша заява перамкне кан’юнктурную пагоню кандыдатаў за галасамі, дзеля чаго і беларускамоўныя з іх гавораць з выбаршчыкамі па-руску?!

Алег Трусаў: Прынамсі, у нас ёсць унікальная магчымасць заявіць і на “вярхах”, што ўсё беларускае не толькі не памерла, але і ўмацоўваецца. Плануем, што ў “беларускія патрыёты” будуць уступаць па-над партыйнасцю – асабіста ведаю беларускамоўных камуністаў. Са 110 “нашых” кандыдатаў частка пойдзе ад партый, частка шляхам збору подпісаў.

Алена Анісім: Мы проста абавязаны пайсці ў парламент і там адстойваць сваю пазіцыю. Таму што паглядзіце з чым сутыкнуліся. Адукацыі на беларускай мове няма, універсітэта з нацыянальнай мовай за 25 год так і не стварылася. Мусім лабіраваць нашы інтарэсы на ўсіх узроўнях!

РР: А самі на выбары ідзяце?!

Алег Трусаў: І я, і Грыб, і іншыя заяўляем, што гэтым разам на выбары ідзём. Задача зараз – сабраць гэты спіс і разам сустрэцца ў Менску. Яны паклянуцца, што будуць весці кампанію па-беларуску. Плюс – будуць збіраць подпісы, каб Закон аб мовах памяняць паводле нашых паправак. Канчаткова – каб наш парламент загаварыў на роднай мове. Між іншым, у 90-я і я, і Пазьняк і яшчэ 13 чалавек трапілі ў парламент ад ТБМ! Увесь час апазіцыя казала “пра байкот, пра не ўдзел”. А мы на моўным тле ўсе пойдзем удзельнічаць!

Алена Анісім: Усё вырашаем па законах – і ў сэнсе падачы запытаў пра парушэнне моўных правоў грамадзян, і пра адкрыццё таго ж універсітэта. І мо галоўнае – пра адкрыццё натуральнага беларускамоўнага канала на ТБ, дзе б гучала не трасянка, а выключна НАША МОВА!

РР: А самому Лукашэнку слаба зрабіць прапанову ўсе прамовы рабіць па-беларуску?

Алег Трусаў: Неаднаразова на гэту тэму яму пісаў. Ён гэта заўважыў. І нават заявіў, што вельмі хацеў бачыць мяне кандыдатам у прэзідэнты. (смяецца ) Дарэчы, яшчэ адна выгода таго, што кампанія будзе ўлетку, перад пачаткам навучальнага года – будзем яшчэ агітаваць і за беларускамоўныя класы.

РР: Рыхтуеце і яшчэ адну акцыю – Усебеларускую дыктоўку…

Алена Анісім: Гэта піяр-кампанія па распаўсюду, пашырэнні і папулярызацыі мовы. Імкнёмся праз яе далучыць людзей і да лепшых твораў беларускай літаратуры. Сёлета прапануем два тэксты па творах Янкі Сіпакова. А 15 сакавіка хочам пісаць верш Максіма Багдановіча – “Пагоня”. А 25-га, на Дзень Волі, – ваярскі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова…

Дыктоўка з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы будзе праводзіцца 21 лютага аб 11-й гадзіне ў сядзібе ТБМ.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

[manual_related_posts]
  • http://facebook.com/profile.php?id=100005773505441 Aleksa Viktaravich Klimenka

    Усё тыя ж голыя дэклярацыі пра намеры. У ТБМ ніколі не было і дагэтуль няма сыстэмы матывацыйных стымулаў для ўплыву на людзей, якія ўжо зараз па ўласнай ініцыятыве ня цэняць беларускую мову. Неабходны больш прагматычны, нават драпежны падыход да вырашэньня праблемы. Напрыклад, стварыць спэцыяльны моўны фонд ды заахвочваць усе прабеларускія сілы рэгулярна яго папаўняць. Партыі, рухі, НДА могуць дзяліцца доляй з грантаў, прадпрымальнікі і простыя людзі – доляй з прыбытку. Скіраваць сродкі з фонду трэба ня толькі й ня столькі на рэкляму мовы, колькі на грантавую выплату ўстановам і праектам, згодным беларусізавацца.

Комментарии для сайта Cackle