Беларуская турма «на паказ»



Рэспубліканская грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі наведала вязніцу 1, што ў Гародні. Галоўная задача камісіі была ў тым, каб ацаніць дзейнасць установы на захаванне там правоў і законных інтарэсаў вязняў, побытавае і медычна-санітарнае забеспячэнне. Як паведамляе сайт Міністэрства ўнутраных спраў, гэтаму дадзена станоўчая ацэнка. Але з пункту гледжання праваабаронцаў, ацэнка аднабаковая. Кажа прадстаўнік Беларускага хельсінкскага камітэта па Гарадзенскай вобласці Раман Юргель.

– Яшчэ з савецкіх часоў фармальна назіральныя камісіі ствараліся з прадстаўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. Ведаем, як і парламент, як дэпутаты, і хто туды ўвайшоў. Напрыклад, гарадзенская абласная назіральная камісія, у якую ўваходзіць кіраўнік Гарадзенскага клуба рыбаловаў, а таксама старшыня грамадскага аб’яднання медсясцёр, 2 юрысты ад Беларускага саюза юрыстаў.

Паводле сведчанняў сваякоў асуджаных у турме 1, не ўсе камеры адкрываюць „на паказ”. Стан у шмат якіх камерах, а таксама ізалятарах нездавальняючы. Там вельмі зімна, натуральнага асвятлення недастаткова, камеры перанаселеныя, гарачай вады ў большую частку года няма, як няма і магчымасці займацца спортам, няма дастатковай колькасці душавых.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара