Беларускі брэнд ад Уладзіміра Рамановіча



Магніты з беларускім алфавітам, рэчы, патрэбныя вучню ў школе, ручнікі, аксэсуары для моладзі, нататнікі, чахлы на беларускай мове з беларускім арнаментам.

Уладзімір Рамановіч спрабуе стварыць усласны брэнд – рэчы, што будуць дапамагаць вывучаць беларускую мову і далучацца да беларускай культуры. Сотні людзей ўжо пачалі цікавіцца праектам і пазітыўна аднесліся да яго.

bel_praekt_09

Расказвае аўтар праекту Уладзімір Рамановіч: Усё пачалося з таго, што ў мяне двое малых сыноў, і мы сутыкнуліся з тым, што не хапае матэрыялаў для таго, каб дзеткі маглі вучыцца размаўляць па-беларуску. На расейскай і ангельскай мовах моўных матэрыялаў настолькі шмат, што нават не ўяўляеш, у якой краіне ты жывеш. Беларускія матэрыялы ёсць толькі для школ. А матэрыялаў, якія б дапамагалі пазнаваць асяроддзе і дапамагаць размове бацькоў з дзеткамі, на жаль, няма.

РР: Твой праект складаецца з трох частак.

Уладзімір Рамановіч: Па-першае, гэта магніты з 32 літарамі, адпаведным малюнкам і подпісам, якія выдатна мацуюцца на лядоўні. На кухні сям’я праводзіць вельмі шмат часу. І каб дзеткам не было сумна, а бацькам было прасцей, з’явілася магчымаць вывучаць беларускую мову ў гульнявой форме. Але ёсць і іншыя рэчы, акрамя магнітаў, якія патрэбныя беларусам. Патрэбныя сшыткі. У беларускіх крамах 80% сшыткаў расейскай вытворчасці, і гэта, зразумела, “тетради”. Сшыткаў амаль няма. Мы вырашылі людзей заахвоціць купляць беларускія сшыткі. А трэцяе – гэта нататнікі, альбомы для малявання ды іншая паліграфічная прадукцыя. Увогуле, мы паставілі перад сабой задачу мінімальнымі сродкамі распрацаваць дызайн таго, што патрэбна вучню для школы. Далейшыя планы – дадаць у свой дызайнерскі партфель рэчы, якімі карыстаецца моладзь. Мы таксама хочам запусціць серыю ручнікоў з машыннай вышыўкай, каб паказаць, як класна можа выглядаць тавар і выдзяляцца сярод іншых тавараў.

РР: Для чаго вы гэта ўсё робіце?

Уладзімір Рамановіч:  Мы хочам, каб у Беларусі людзі не забываліся пра родную мову. Каб людзі ведалі, што “зроблена ў Беларусі” – гэта не толькі тое, што зроблена на дзяржпрадпрыемствах валам. Мы хацелі паказаць, што вось так прыгожа могуць выглядаць сшыткі, магніты, ручнікі. Каб людзі хацелі мець такія рэчы ў сябе. Каб беларусы ведалі, што яны класныя людзі.

Прадукцыю у хуткім часе можна будзе купіць у інтэрнет-краме, якая знаходзіцца у працэсе распрацоўкі. А замовы прымаюцца ўжо зараз на інтэрнетскрыню [email protected] Дастаўка не толькі па Беларусі, але таксама і па Беласточчыне.

DSC07191

DSC07193

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя