Беларускі экзархат супраць „агрэсіўнага ўмяшання” Канстанцінопальскага патрыярхату ў справы РПЦ ва Украіне



Сінод Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) выказаў пратэст супраць дзеянняў Канстанцінопальскага (Сусветнага) патрыярхату, заявіўшы аб яго „агрэсіўным умяшанні” ва ўнутраныя справы Рускай праваслаўнай царквы ва Украіне, скіраваным на „падрыў асноў міжправаслаўнага свету і адзінства”. Адпаведная заява апублікаваная на афіцыйным партале БПЦ.

Такую рэакцыю выклікаў распачаты Канстанцінопальскім патрыярхам Варфаламеем працэс па наданні аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне. Руская праваслаўная царква, экзархатам якой з’яўляецца БПЦ, лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, таму расцэньвае вырашэнне падобных пытанняў Сусветным патрыярхатам без свайго ўдзелу ўмяшаннем ва ўнутраныя справы.

Сінод Беларускага экзархата пастанавіў „аднагалосна і аднадушна” падтрымаць пазіцыю РПЦ адносна прызначэння архіепіскапа Памфілійскага Данііла і епіскапа Эдмантанскага Іларыёна экзархамі Канстанцінопальскага патрыярхату ў Кіеве. У прыватнасці ў заяве РПЦ ад 8 верасня гаворыцца, што гэтае рашэнне „прынятае без ўзгаднення з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем і з’яўляецца найгрубейшым зневажаннем царкоўных канонаў, якія забараняюць епіскапам адной памеснай царквы ўмешвацца ва ўнутранае жыццё і справы іншай памеснай царквы”.

Іерархі БПЦ заклікалі духавенства і паству маліцца „аб больш хуткім вылячэнні і пераадоленні сітуацыі, якая склалася, аб настаўленні і пакаянні тых, хто правакуе царкоўныя неўладкаванні і расколы”, і аб міры на ўкраінскай зямлі. Яны выказалі сваю „ўсебаковую падтрымку” прадстаяцелю Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Ануфрыю, а таксама духавенству і прыхаджанам кананічнай царквы.

Згодна са звесткамі дэпартамента па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міністэрства культуры Украіны, у краіне зарэгістравана дзесяць праваслаўных арганізацый. З іх тры найбольш масавыя — Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (звыш 12,3 тыс. абшчын), якая з’яўляецца часткай РПЦ, а таксама некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (больш за 5,1 тыс. абшчын) і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква (амаль 1,2 тыс. абшчын).

У красавіку гэтага года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай даць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне. Яго падтрымалі УПЦ Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква. 22 красавіка Святы сінод Сусветнага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду.

7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух іерархаў Канстанцінопальскай царквы экзархамі ва Украіне.

10 верасня епіскап Сусветнага патрыярхату мітрапаліт Гальскі Эмануіл (Адамакіс) у інтэрв’ю інфармагенцтву Servizio Informazione Religiosa пацвердзіў, што Сусветны патрыярхат, „памятаючы пра сваю адказнасць як мацярынскай царквы і ў адказ на просьбы ўкраінскага народа, пасля глыбокага аналізу пытання, вырашыў даць аўтакефалію Украінскай праваслаўнай царкве для пераадолення падзелу паміж праваслаўнымі вернікамі ў краіне”.  БелаПАН