Беларускі краўдфандынг набірае абароты



На першы Форум сацыяльных інавацый у Менску з’ехаліся кіраўнікі буйнейшых краўд-пляцовак Беларусі, Украіны і Расеі. І хоць краўдфандынг – з’ява дастаткова маладая для Беларусі, тры пляцоўкі Maesens.by, Ulej.by і Talaka.by ужо дапамаглі рэалізавацца праз збор грошай шматлікім культурніцкім, выдавецкім, музычным, літаратурным праектам.

Напрыклад, як кажа Іван Вядзенін, крэатыўны дырэктар Talaka.by, беларусы выглядаюць, як мінімум, не горш за ўкраінскіх аднадумцаў, якія пару год таму былі для нас узорам.

– Калі мы толькі запускалі нашую платформу, то раўняліся на іх. Але зараз, калі мы параўноўвалі наведвальнасць, то пабачылі, што ў нас недзе пароўну. У пазамінулым годзе мы сабралі каля 170 тыс. даляраў. А калі параўнаць, колькі было сабрана нашымі трыма пляцоўкамі, то  там будзе лічба дзесьці каля 700 тыс даляраў за год.

Максім Падбярозкін, каардынатар праектаў па Беларусі Офіса за дэмакратычную Беларусь у Брусэлі, заўважае, што гэтыя грошы, сабраныя грамадой і для грамады, асаблівыя.

– Павелічэнне вельме вялікае, амаль у два разы за апошні год. І гэта такія грошы, якія могуць змяняць нашу рэчаіснасць і могуць насамрэч аказваць моцны ўплыў на грамадства.

Гледзячы па выступах кіраўнікоў беларускіх краўд-платформ, у 2017 годзе карыстальнікам будуць прапанаваныя некалькі новых опцый, напрыклад, стварэнне адмысловай сацыяльнай сеткі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя