Беларускім аўтарам Регнума выстаўленае абвінавачанне



Следчым камітэтам Беларусі выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці) Сяргею Шыпценку, Юрыю Паўлаўцу і Дзімітрыю Алімкіну, беларускім аўтарам Регнума, якія пісалі таксама для іншых расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў, паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч.

Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных застаецца ранейшай — яны знаходзяцца пад вартай.

Максімальная санкцыя ч. 1 арт. 130 КК — пяць гадоў пазбаўлення волі.

Шыпценка, Паўлавец і Алімкін былі затрыманыя ў пачатку снежня мінулага года. Як вынікае з інфармацыі пракуратуры Мінска, як мінімум аднаму з фігурантаў, Шыпценку, ставілі ў віну ч. 3 арт. 130 КК (здзяйсненне злачынства ў групе), максімальнае пакаранне — 12 гадоў пазбаўлення волі.

Спачатку былі затрыманыя і заключаныя пад варту два аўтары Регнума, а таксама сайтаў „Лента.ру” і „ЕАДэйли”: выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і вартаўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Затым з’явілася інфармацыя аб затрыманні менчука Сяргея Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор’еў).

„Падчас праведзеных вобыскаў атрыманыя звесткі аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагароджанняў за падрыхтоўку замоўленых публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць”, — паведаміў 8 снежня Следчы камітэт.

Пасля затрымання Шыпценкі Регнум выступіў з заявай „у сувязі з рэпрэсіямі супраць журналістаў у Беларусі”. „Рэдакцыя <…> катэгарычна адхіляе выстаўленыя аўтарам агенцтва абвінавачанні, лічачы іх нядобрасумленнымі і надуманымі. Рэдакцыя <…> пацвярджае сваё нязменнае асуджэнне праяў шавінізму, неанацызму і русафобіі ў Беларусі. Рэдакцыя <…> лічыць сваіх затрыманых у Беларусі аўтараў палітычнымі вязнямі, якія зведваюць рэпрэсіі за сваю прынцыповую пазіцыю супраць фактычнага супрацоўніцтва ўладаў Беларусі з шавіністычнай, русафобскай і неанацысцкай часткай беларускай апазіцыі”, — гаварылася ў заяве.

belapan.by