„Беларускім месцам — квіткі па-беларуску!”



Ініцыятыва „Умовы для мовы” праводзіць кампанію „Беларускім месцам — квіткі па-беларуску!”. Як паведаміла БелаПАН прадстаўнік ініцыятывы Аліна Нагорная, кампанія скіраваная на прасоўванне беларускай мовы, і дзякуючы ёй родная мова з’яўляецца на квітках у грамадскім транспарце, кінатэатрах, клубах, на стадыёнах, у выставачных і канцэртных залах, музеях.

У прыватнасці, паводле слоў Нагорнай, новыя бланкі транспартных білетаў на беларускай мове распрацаваныя і ўзгодненыя з Бабруйскім гарвыканкамам (Магілёўская вобласць). Яны будуць уведзеныя ў абарачэнне, калі скончацца квіткі на рускай мове.

Пружанскі райвыканкам (Берасцейская вобласць) правёў апытанне ў сацыяльных сетках аб квітках на беларускай мове, і гэтую ініцыятыву падтрымала большасць з тых, хто далі адказы.

„Да нашай кампаніі можа далучыцца кожны і паслаць свой зварот у дзяржаўныя органы. Не выходзячы з дому, аддаўшы пяць хвілін, людзі могуць дамагчыся таго, што вакол нас будзе больш беларускай мовы”, — адзначыла Нагорная.

Паводле яе слоў, напісаць зварот дапаможа сайт https://svaje.by/kvitki.

„Мы пішам шмат зваротаў у райвыканкамы. Некаторыя чыноўнікі спасылаюцца на адсутнасць зваротаў з боку грамадзян і таму не бачаць сэнсу нешта мяняць. Я ж лічу, што праз звароты магчымыя змены. З меркаваннем таго, хто маўчыць, ніхто не лічыцца”, — падкрэсліла прадстаўніца кампаніі.

Да прыкладу, на прапанову аб квітках на беларускай мове Быхаўскі райвыканкам (Магілёўская вобласць) адказаў, што „ўстановы культуры пры распрацоўцы дызайну наступнай партыі квіткоў будуць арыентавацца на прапановы” ініцыятывы.

Крычаўскі райвыканкам (Магілёўская вобласць) абяцае, што ў 2021 годзе будзе прапрацаванае пытанне аб вырабе квіткоў на дзвюх дзяржаўных мовах. Згодныя на выраб білетаў на дзвюх мовах Маларыцкі (Берасцейская вобласць) і Карэліцкі (Гарадзенская вобласць) райвыканкамы.

Асіповіцкі (Магілёўская вобласць) і Івацэвіцкі (Берасцейская вобласць) райвыканкамы рэкамендавалі кіраўнікам устаноў культуры і спорту вырабіць уваходныя квіткі ў беларускамоўным выкананні.

Раней дзякуючы кампаніі „Умовы для мовы” ў транспарце Гомельскай, Берасцейская і Магілёўскай абласцей з’явіліся або анансуецца з’яўленне білетаў на беларускай мове.

Фота: novychas.by

[manual_related_posts]