Беларускія гісторыкі зацікаваліся інфармацыяй пра месца пахавання Каліноўскага



Беларускія гісторыкі плануюць даследаваць інфармацыю пра магчымае месца пахавання Кастуся Каліноўскага, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч.

Паводле яго слоў, інфармацыя, якая з’явілася ў прэсе пра знаходку літоўскімі археолагамі на гары Гедыміна парэшткаў, як мяркуецца, паўстанцаў 1863-1864 гадоў, а канкрэтна Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага, не засталася па-за ўвагай беларускіх вучоных. Аднак даваць каментары на гэты конт рана, паколькі гэта версія – толькі здагадка. Неабходна правесці даследаванні, перш чым рабіць высновы. Беларускія спецыялісты будуць цікавіцца ходам справы ў літоўскіх калег, сказаў Вячаслаў Даніловіч.

На днях СМІ паведамілі пра знаходку літоўскімі спецыялістамі ў выніку сходу грунту на гары Гедыміна двух магіл з парэшткамі пяці целаў з завязанымі рукамі. Быў знойдзены таксама срэбны медальён, які можа датавацца сярэдзінай XIX стагоддзя.

Гэта паслужыла асновай для здагадкі аб магчымым пахаванні паўстанцаў 1863-1864 гадоў на гары Гедыміна. Кастусь Каліноўскі быў пакараны на Лукішскім пляцы ў Вільні. Месца пахавання невядомае.

Фота: Lietuvos nacionalinio muziejaus archyvas