Беларускія навукоўцы: Глабальнае пацяпленне – факт нашага жыцця



У навукоўцаў ужо няма ніякіх сумневаў, што глабальнае пацяпленне ёсць фактам нашага жыцця.

«Нам усім – і людзям, і дзяржаве – прыйдзецца браць гэта на ўвагу пры вядзенні гаспадаркі, эканамічным планаванні, у святле аховы здароўя і гэтак далей», – заўважыў прадстаўнік Інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Віктар Мельнік на круглым стале па праблемах клімату, што зладзіла Праграма развіцця ААН.

 

– За апошнія прыкладна 25 гадоў і нават больш у нас сярэднегадавая тэмпература перавысіла кліматычную норму на 1,3 градуса. Калі браць па месяцах, то найбольшы рост тэмпературы адбыўся ў першыя зімовыя і вясновыя месяцы. А таксама ва ўсе іншыя месяцы рост тэмпературы значны. Было падлічана, што прыкладна каля 100 мільёнаў даляраў штогод Беларусь губляе ад неспрыяльных і небяспечных з’яваў надвор’я.

Кіраўніца аддзела вывучэння клімату Белгідрамету Наталля Клявец паведаміла, што беларускія сіноптыкі сумесна з навукоўцамі з Галоўнай геафізічнай лабараторыі ў Санкт-Пецярбургу правялі прагнозныя разлікі кліматычных зменаў.

– На сярэдзіну стагоддзя практычна абсалютныя максімумы тэмпературы на тэрыторыі Беларусі будуць вышэй 40 градусаў. Цяпер абсалютны максімум на тэрыторыі краіны +38,9 у Гомелі. А ўвогуле сярэдні складае каля 35 – 38 градусаў па тэрыторыі краіны. Таксама мінімальныя тэмпературы будуць памяншацца, будуць меншымі за 30 градусаў.

Нагадаем, Беларусь абавязалася да 2030 года скараціць выкіды парніковых газаў не менш чым на 35% у параўнанні з 1990 годам.

Беларускае Радыё Рацыя