Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ пяць чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай 14 мая на праваабарончым сайце spring96.org.

У дакуменце праваабаронцы чарговы раз пацвердзілі сваё патрабаванне аб дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.

Статус палітычных зняволеных атрымалі: Аляксандр Цялега —затрыманы, выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады); Уладзіслаў Шынковіч — асуджаны на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 391 КК (абраза суддзі); Сяргей Хаванскі — два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта); Арцём Касач — паўтара года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК; Яўген Люцкі — пяць гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці), ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і ч. 1 арт. 366 (пагрозы гвалтам у дачыненні да прэзідэнта, у мэтах перашкодзіць яго законнай дзейнасці).

Праваабаронцы лічаць такі крымінальны пераслед палітычна матываваным і патрабуюць неадкладна вызваліць гэтых людзей, прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, спыніць усе раней распачатыя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, РГА „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Такім чынам, па стане на 14 траўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 377 чалавек.

belapan.by