Беларускія шыльды Гародні, якія радуюць вока



Асаблівасцю сённяшняй Беларусі ёсць тое, што даводзіцца радавацца тым рэчам, якія практычна ў кожнай еўрапейскай краіне даўно лічацца нормай і на якія ніхто там нават не зважае. Гутарка ідзе пра візуальную прастору беларускага гораду ў сітуацыі маштабнай русіфікацыі. Нефармальная сталіца Заходняй Беларусі Гародня, якая на пачатку 1990-ых гадоў ішла ў авангардзе нацыянальнага Адраджэння, у выніку далейшай шматгадовай ганебнай палітыкі мясцовай улады зараз істотна саступае сталіцы Менску ў беларускамоўным афармленні і аздобе розных установаў і гарадской прасторы ўвогуле. Таму тут трэба вітаць кожную беларускамоўную шыльду, кожны беларускамоўны напіс. Пройдземся па цэнтральных вуліцах гораду над Нёманам і пабачым, што можа пацешыць вока як мясцовага насельніка, так і прыезжага беларускамоўнага турыста.

Пачнем з вуліцы Савецкай. На самым яе рагу з вуліцай Ажэшкі кавярня-рэстаран з немудрагелістай, але беларускай назвай „Карчма„.

Далей па гэтай вуліцы па тым жа баку можна наведаць кавярню з чыста гарадзенскай гістарычнай назвай „Раскоша„. Некалі так называлася адна з цэнтральных вуліц гораду, хоць і іншая.

Непадалёк ад „Раскошы” параўнальна нядаўна адкрылася дзяржаўная крама сувенірных вырабаў „Багач” – прыклад варты пераймання для іншых.

Па іншым баку вуліцы Савецкай на скрыжаванні яе з вуліцай Дамініканскай можна пабачыць шыльду на краме, якая выканана беларускай лацінкай – Nadzejka. Гэта хіба адзіная беларускамоўная шыльда ў горадзе лацінскім шрыфтам.

На паралельнай, насычанай рухам транспарту, вуліцы Сацыялістычнай прытаілася невялікая крамка па продажы кветак і вазонаў з адпаведнай назвай „Квятарня„.

На вуліцы Карбышава, якраз насупраць будынка абласнога суда, знаходзіцца студыя тэкстыльнага дызайну „Фантазія„. Праўда на тое, каб поўнасцю аздобіць яе па-беларуску, уладальнікам забракла ні то ведаў, ні то ўяўлення. 

На Вялікай Траецкай вуліцы па-ранейшаму можна замовіць дублікат патрэбнага ключа ў майстэрні „Выраб ключоў„.

На вуліцы Маставой вас сустракае кнігарня „Раніца” – адна з старэйшых у горадзе.

На вуліцы з ганебным іменем Дзяржынскага наведніка Гародні безумоўна парадуе шыльда кафэ АРХідэя. Тут сапраўды і арыгінальнасць, і гульня слоў, і густ – усё на месцы.

На вуліцы Лідскай можна пабачыць магазін з чыста мясцовай назвай „Гарадніца„. На фоне шматлікіх „еврооптов” і „рублевских” гэта ўжо сапраўдны рарытэт.

Аналагічным прыкладам ёсць і прадуктовы магазін „Лімож” на вуліцы Брыкеля – крама, аднайменная з пабрацімам Гародні – французскім горадам, выкананая ў адпаведных трох колерах. Гэты магазін – ужо ветэран харчовага гандлю.

Крыху весялей у плане беларускасці на вуліцы Горкага (ранейшая вуліца Грандзіцкая). З нядаўняга часу тут з’явіліся ажно дзве беларускамоўныя шыльды па суседстве – кнігарня Эліт-Прэсс і „Модная крама. Прыгожае жаночае адзенне„.

Зусім непадалёк па гэтай вуліцы яшчэ адна, ужо досыць даўняя крама з арыгінальнай і адпаведнай напаўненню назвай „Галантэя„.

Па іншым баку вуліцы Горкага на Доме тэхнікі даўняя шыльда кафэ „Верас„. Праўда тут таксама беларускасць толькі частковая.

Яшчэ далей па гэтай вуліцы ў кірунку Друскенікаў гарадзенская радзільня, якая можа служыць добрым прыкладам іншым дзяржаўным установам.

Напэўна ў Гародні можна адшукаць яшчэ дзясятак ці два беларускамоўных шыльдаў, але гэта пакуль вельмі малы адсотак ад агульнай колькасці расейскамоўнай рэкламы.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня, фота аўтара